Юры Андруховіч: Гэта траўматычныя рэчы, якія застаюцца надоўга



Госць Рацыі – Юры Андруховіч, знакаміты ўкраінскі пісьменнік і перакладчык. Пра вайну ва Украіне з ім размаўляе Міхал Андасюк.

Фота: focus.ua

РР: Ты знаходзішся там, дзе і павінны быць, у Кіеве. Што там сёння ў Кіеве?

Юры Андруховіч: Павінен выправіць цябе, я не жыву ў Кіеве, я ў сябе дома ў Івана-Франкоўску. Гэта, як вядома, адна з заходніх украінскіх абласцей. Але я ўвесь час на сувязі з Кіевам, канешне, хвалююся за сваю дачку, яе дачку і яе сваякоў. Яны якраз там, яны там жывуць. А таксама за шматлікіх сяброў і знаёмых і  намагаюся ацэньваць сітуацыю, разумець, куды ўсё ідзе, развіваецца.

РР: Ты як пісьменнік, як інжынер душы, як калісьці казалі, разумееце, у чым прычына гэтай вайны? Як гэта неверагоднае адбылося, бо неверагоднае?

Юры Андруховіч: Да гэтага ішло, пачынаючы з лістапада мінулага года. Яно ішло ў такім напрамку з такім немінучым сюжэтам, што на самой справе было б вялікім цудам, калі б вайна не пачалася. Толькі адзінае, у што я верыў на працягу мінулага тыдня, што ўсё ж мажліва будзе нейкі цуд. Бо ўсе факты, звязаныя з рэгулярным, метадычным нарошчваннем вайсковай сілы на нашых межах, з усімі расейскімі ўльтыматумамі, усё сведчыла пра тое, што ёсць план, ён прадуманы да дробных тонкасцяў на розных узроўнях, план знішчэння Украіны як незалежнай дзяржавы. І план падпарадкавання Украіны волі расейскага дыктатара.

Канешне, у глыбіні душы адмаўляўся з гэтым пагаджацца, але ўчора перад самым ранкам мяне разбудзілі гукі выбухаў, і я дазнаўся, што гэта былі балістычныя ракеты, якія прыляцелі з тэрыторыі Беларусі і ўдарылі па нашаму вайсковаму аэрадрому. Даволі недалёка ад месца, дзе я жыву. У небе я пабачыў шмат чорнага дыму, там загарэліся якіясьці аб’екты. Гэта была спроба знішчыць нашу вайсковую авіяцыю. На шчасце, самалёты зляцелі раней, таму фактычна ніякіх страт, акрамя таго, што досыць доўга давялося тушыць пажар, не было. Але гэта адбылося ў тым месцы, якое лічылася і лічыцца, напэўна, сёння адным з такіх бяспечных на тэрыторыі Украіны. І гэта было шокам, што вайна прыйшла сюды ад самага пачатку.

З таго часу вакол мяне ў Івана-Франкоўску ўсё больш-менш спакойна. Хто захацеў, той выехаў у бок польскай мяжы, а мажліва ўжо і на тэрыторыі Польшчы. Думаю, што, можа, гэта і правільнае рашэнне, думаць у першую чаргу пра жыццё дзяцей. А дзе дзеці, там і іх маці, прынамсі.

Адначасова фармуецца і тэрытарыяльная абарона. Я думаю, што наша месца больш-менш гатова да далейшых выпрабаванняў.

РР: Раней з боку Беларусі прыляталі да вас у госці беларускія пісьменнікі і вы таксама наведвалі Беларусь. Як думаеш, гэтая вайна, у якую ўцягнулася таксама і Беларусь, яна памяняе штосьці ва ўкраінска-беларускіх адносінах?

Юры Андруховіч: Я баюся. што, на вялікі жаль, можа. Бо ўсё ж такі гэта рэчы, якія надоўга застаюцца, гэта траўматычныя рэчы.

Я ўчора бачыў надзвычайна вялікія выступы ў Маскве і Пецярбургу, ды ў іншых расейскіх месцах, але я нічога не ведаю пра нейкія антываенныя пратэсты ў Беларусі. Але, мажліва, я не пра ўсё ведаю. Але сярод нашых навін, якія мы атрымліваем, такога няма. І гэта пакідае даволі сумнае ўражанне.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]