Юры Дзяшук: Беларускасць да Вітольда Ашурка прыйшла на Акрэсціна



21 траўня споўніцца роўна год, як мы дазналіся пра трагічную смерць палітвязня Вітольда Ашурка. Актывіст з Бярозаўкі загінуў у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах, пра якія грамадскасць можа толькі здагадвацца. Запрашаем на размову з „Госцем Рацыі”, Юрыем Дзяшуком, які падзеліцца ўспамінамі пра Вітольда.

Юрый Дзяшук

РР: Як вы пазнаёміліся? Бярозаўка не такі малы горад, што ўсе ўсіх ведаюць, але з Вітольдам вы знаёмыя былі даўно?

– Пра Вітольда ўпершыню я пачуў у 2010 годзе, калі адбылася «Плошча». Увечары таго дня «Вясна» пачала рабіць спісы: імя-прозвішча, і адкуль гэты чалавек. Сярод іх быў Вітольд Ашурак, горад Бярозаўка. Я тады яго яшчэ не ведаў, і для мяне было дзіўна і адкрыццём, што бярозаўскі чалавек на плошчы затрыманы і на Акрэсціна. Тады я ўпершыню пра яго пачуў. А асабіста мы пазнаёміліся потым, калі ён ужо адсядзеў тыя 12 сутак і прыехаў у Бярозаўку. Літаральна праз тыдзень-два я прыйшоў у госці да агульнага знаёмага, і там сядзеў Вітольд. Я кажу – вельмі прыемна, я пра Вас чытаў, што Вы былі затрыманыя, пабітыя, сядзелі на Акрэсціна.

РР: Якое было першае ўражанне?

– Тады ён здзівіў мяне сваім знешнім выглядам – гэта быў сухі хлопец з татуіроўкамі – аказалася што ён набіваў іх сам сабе, калі трэнаваўся. З даўгімі валасамі, у кедах, такі «нефармал», хаця ва ўзросце. Тады ён быў яшчэ расейскамоўным. Не такім адданым Беларушчыне. Тады ён толькі пачынаў, і найбольш запомніўся знешнім выглядам.

РР: З таго часу вашыя шляхі перасякаліся ўсё часцей? Як гэтае станаўленне Беларушчыны развівалася ў Вітольдзе?

– Я зараз пачынаю праглядаць свой архіў аўдыязапісаў, і да апошніх гадоў я адзіны яго запісваў на розных мерапрыемствах і імпрэзах, акцыях і пікетах. І знайшоў першы запіс, гэта быў 2011 год, калі былі «маўклівыя акцыі». І тады была акцыя ў Бярозаўцы. Тады нас усіх затрымалі, 20 чалавек, але яго затрымалі асабліва жорстка: яму заламалі рукі, зашчапілі кайданкі, завялі ў машыну, і дзесьці павязлі. А нас проста суправадзілі да пастарунка. Тады ён даваў мне па-расейску першыя каментары, на беларуска-расейскай трасянцы. Ён відаць, што хацеў пачаць гаварыць па-беларуску ўжо тады. Ён казаў, што да яго прыйшла беларускасць менавіта ў камеры на Акрэсціна, калі ён сядзеў з тымі людзьмі, якія былі затрыманыя.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]