Юры Пацёмкін: Са СМІ ўлады вядуць сябе як з тэрарыстамі – ніякіх перамоваў



Папулярныя інтэрнэт-рэсурсы “Хартыя-97” і “Беларускі партызан”, сайт агенцтва БелаПАН ды яго інтэрнэт-газеты naviny.by, ды шэраг іншых – надалей не даступныя ў Беларусі. Пры гэтым самыя сур’ёзныя праблемы паўстаюць у тых наведнікаў, якія карыстаюцца паслугамі галоўнага беларускага інтэрнэт-правайдара – РУП «Белтелекам».

Ад 21 снежня заблакаваным з тэрыторыі Беларусі апынуўся і сайт udf.by. Мы звярнуліся па каментар да яго рэдактара Юрыя Пацёмкіна:

Мы зрабілі тэхнічную экспертызу, і бачым, што сігнал блакуецца менавіта на “Белтэлекаме”, і далей амаль па ўсіх правайдарах. Таму за межамі краіны сайт можна адкрываць, а ў Беларусі яго можна глядзець толькі праз ананімайзеры, або нейкія спецыяльныя прылады. На жаль, мы не можам цяпер працаваць, бо заблакавана наша адмінка – сістэма, праз якую сайт абнаўляўся.

Юры Пацёмкін кажа, што цяпер тэхнічная служба сайта працуе над тым, каб была магчымасць абнаўляюць інтэрнэт-рэсурс. Рэдакцыя плануе таксама звяртацца ў РУП “Белтэлекам” па тлумачэнні, хоць іншыя СМІ, напрыклад, інтэрнэт-газета “Салідарнасць”, ужо звярталіся да правайдара, аднак адказу так і не атрымалі.

“Са СМІ ўлады вядуць сябе як з тэрарыстамі – ніякіх перамоваў”, – адзначае Юры Пацёмкін.

Заўтра, 23 снежня, у Менску адбудзецца сход Рады ГА “БАЖ”, дзе гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца. Юрысты Беларускай Асацыяцыі Журналістаў рыхтуюць зварот у Генеральную пракуратуру, упраўленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраўАператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце, каб высветліць, што адбываецца, хто стаіць за блакаваннем сайтаў, і патрабаваць выправіць сітуацыю з доступам, – паведамляе прэс-служба БАЖ.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя