Юры Жыгамонт і Аліна Талай вучылі пінскіх дзяцей беларускай мове
На Берасцейшчыне працягваецца рэалізацыя агульнанацыянальнай акцыі «Чытаем па-беларуску з Velcom» для дзяцей 2-3 класаў, чарга дайшла да Пінска.
У сталіцы беларускага Палесся адкрытыя заняткі правялі: вядомая беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай і знаны беларускі актор, журналіст Юрый Жыгамонт.
Акцыя можа прышчапіць да Беларушчыны і па рэакцыі дзяцей такое заўважна, адзначае Юрый Жыгамонт:
— Дзеткі радуюцца, як адказваюць на пытанні. Калі б гэтая акцыя была непаспяховая, то дзеці сядзелі б сумныя, ім бы гэта было нецікава. Яны б як настаўнікі ім загадалі, сядзелі б ціхенька, альбо адказвалі. А так вы самі бачыце наколькі яны эмацыйна выказваюцца, як цягнуць ручкі, як крычаць, як цікавяцца.
Аліна Талай прызналася, што даволі шмат чытае па-беларуску:
— Я чытаю вельмі шмат беларускай літаратуры і вось не так даўно, на мінулым тыдні, была прэзентацыя новай кнігі беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча, у якой я удзельнічала. І вы можаце таксама пачытаць.
У Пінску адкрытыя заняткі беларускай мовы і літаратуры ў межах акцыі «Чытаем па-беларуску з Velcom» адбыліся ў двух школах і адной гімназіі. Далей акцыю прымае Лунінец, а пасля — навучальныя ўстановы Гарадзеншчыны.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: media-polesye.by
