Юзафа Нямеру пакаралі, але выпусцілі на волю
За падсрачнік міліцыянту два з паловай гады ўвязнення без накіравання ў месца адбывання пакарання. Такі асноўны прысуд вынесла суддзя Вольга Бекушава з Кастрычніцкага раённага суда Гародні ў дачыненні Юзафа Нямеры. У дадатак – канфіскаваны раней аўтамабіль не вяртаюць, і яшчэ пастанавіла выплаціць пенсіянеру маральную кампенсацыю „пацярпеламу міліцыянту” у памеры 500 рублёў (≈ 148 еўра). Такі кошт спробы абараніць кабету ад сваволля і гвалту трох міліцыянтаў, што адбылося 6-га верасня падчас мірнай акцыі пратэсту.
Гэта стала нормай для такіх неабгрунтаваных абвінавачванняў, канстатуе Раман Юргель – праваабаронца, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэту:
– Зараз сочым назіраем, па ўсёй краіне такія загады ім дадзены. Што будзе надалей – паглядзім. А тое, што завялі крымінальную справу. Усё гэта датычыцца да выражэння свайго меркавання. Беларусь падпісала міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. І артыкулы 19-ы, 21-ы – гэта свабода выказвання меркаванняў і свабода мірных сходаў. Таму я не ведаю, чаму пракуроры не карыстаюцца гэтым дакументам, Канстытуцыяй, дзе гэта дазволена.
Юзафа Нямеру абвінавацілі паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу. З іх пенсіянер прызнаў толькі адзін і тое часткова: наўмысны гвалт, а „арганізацыя масавых беспарадкаў” – не прызнаў.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
Абвешчаны прысуд па крымінальнай справе 63-гадовага гарадзенца Юзафа Нямеры за ўдар нагой у тыльную частку праваахоўніку 6 верасня 2020 года ў час мірнага шэсця гарадзенцаў. Суд прызнаў вінаватым Нямеру і прызначыў яму пакаранне 2,6 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову пакарання.
Прысуджана таксама, што Нямера абавязаны выплаціць 500 рублёй міліцыянту маральнай кампенсацыі, а машыну Нямеры пакінуць пад арыштам. Прыгавор абвесціла суддзя Юлія Бекушава ў прысутнасці пракурора Сяргея Петрашко.
Пасля абвяшчэння прыгавора Юзафа Нямеру вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: harodniaspring.org
