„Дармаедам” абмяжуюць выезд за мяжу



Зараз для тых, каго дзяржава палічыла «дармаедамі», надыходзіць час плаціць падатак: апошні тэрмін выплаты – 20 лютага 2017 года.

Для бесперашкоднага выезду з краіны ў грамадзяніна не павінна быць нявыплачаных штрафаў за адміністрацыйныя і іншыя правапарушэнні. Неўзабаве базу невыязных папоўняць „дармаеды”.

Але гэта будзе ўжо крайняя мера, бо спачатку суд можа даць штраф на суму ад 2 да 4 базавых, а можа прыцягнуць да арышту на тэрмін да 15 сутак. Аплата штрафу або арышт, аднак, ад выплаты падатку не вызваляе. Калі арыштуюць, то адправяць на прымусовыя работы: месці вуліцы, прыбіраць смецце або збіраць камяні на палях.

Як заяўлялі ўлады, дэкрэт № 3 патрэбен, каб „стымуляваць працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці», а таксама каб «забяспечыць іх удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў».

Каб вас прызналі дармаедам, трэба быць працаздольным грамадзянінам, які пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і не мець пры гэтым афіцыйнага працаўладкавання ў каляндарным годзе на працягу як мінімум 183 дзён. У такім выпадку грамадзянін павінен заплаціць падатак у памеры 20 базавых велічынь.

Напрыклад, у Гародні ўжо сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць Дэкрэта №3. Гэта толькі першая партыя, якую адправілі праз пошту ва ўрад, Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў. Але збор подпісаў працягваецца. Нагадаем, што Гарадзенскі гарвыканкам не дазволіў гарадзенцам правесці дэманстрацыю за адмену дэкрэта №3.

s13.ru