З 9 жніўня пачата больш за 400 крымінальных спраў



З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, распачата больш за 400 крымінальных спраў па фактах здзяйснення злачынстваў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку, паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед. Многія з гэтых спраў ужо на стадыі завяршэння папярэдняга расследавання, заявіў 15 кастрычніка чыноўнік тэлеканалу „Беларусь 1”.

„Сумесна з праваахоўнымі органамі цяпер прымаюцца самыя рашучыя меры да таго, каб спыняць любыя спробы радыкальных дзеянняў з боку грамадзян. Гаворка ідзе, напрыклад, пра факты блакавання дарожнага руху, у першую чаргу ў сталіцы. Пракуроры арыентавалі органы дазнання, праваахоўнікаў на тое, каб максімальна павысіць аператыўнасць затрымання такіх асоб, у кожным выпадку распачынаць крымінальныя справы, неадкладна вырашаць пытанне аб абранні меры стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай. Хачу адразу сказаць, што дзяржаўныя абвінаваўцы па гэтых справах і па справах, якія звязаны з парушэннем грамадскага парадку, арыентаваныя на падтрыманне дзяржабвінавачання ў частцы таго, каб прасіць суды прызначаць максімальныя меры пакарання”, — адзначыў Швед.

Што да іншых заяў грамадзян, то паводле яго сцвярджэння, Беларусь — прававая дзяржава, і няма ні аднаго факту, каб заява грамадзяніна аб здзяйсненні ў дачыненні да яго супрацьпраўных дзеянняў не была зарэгістраваная і не разглядалася ва ўстаноўленым парадку. Паводле слоў генпракурора, ёсць працэсуальныя тэрміны, усяму свой час, будуць прынятыя законныя рашэнні па кожным з паведамленняў.

Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што па фактах гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў крымінальныя справы не распачынаюцца.

belapan.by