З Берасця ў Менск: Хлебаздача большае, але нацыяналісты зрываюць 100% план



Праз усё існаванне краіны Саветаў чырвонай стужкай праходзіла выразная праблема – накарміць “савецкіх людзей”. То паслярэвалюцыйная разруха, то штучны галадамор 1930-х гадоў, то жудасны стан па завяршэнні Другой сусветнай вайны. Нават у часы кіравання Хрушчова і Брэжнева перабоі – знікненне і падвышэнне коштаў на мясныя вырабы, хранічны дэфіцыт, а ў Гарбачоўскую “перабудову” бы пасля вайны да талонаў дакаціліся…

У нечым гэтая праблема паскарала крах СССР, але гісторыя крыху пра іншае, хоць і звязаная з харчовай тэмай. Здзейснім невялічкае падарожжа ў мінулае, адкруцім на календары 75 гадоў таму – канец верасня 1946 года, тагачасная Берасцейская вобласць Савецкай Беларусі.

Хлебанарыхтоўка па-бальшавіцку: лепш здаць прымусова-добрааахвотна.

Сакратар Берасцейскага абласнога камітэта Кампартыі Іван Багданаў паведаміў вышэйшаму кіраўніцтву ў Менск “аб палітычным настроі насельніцтва вобласці ў сувязі з хлебапастаўкамі”. Пачаў інфармацыю партыйны функцыянер са станоўчага: “У бягучым 1946 годзе сялянскія гаспадаркі, а таксама калгасы вобласці дружна і арганізавана прыступілі да выканання сваіх абавязкаў перад дзяржавай па хлебаздачы. Нягледзячы на ​​тое, што ўраджай у бягучым годзе ніжэйшы за леташні, а памер хлебапаставак вышэйшы, асноўная частка сельскага насельніцтва прасякнута пачуццём адказнасці перад дзяржавай за выкананне плана хлебапаставак ва ўстаноўленыя ўрадам тэрміны, і да хлебапаставак ставяцца больш сур’ёзна, чым у 1945 годзе. Пра гэта сведчаць лічбы: у 1945 годзе на 20 верасня з агульнага плана хлебаздачы з улікам фонду Чырвонай Арміі было здадзена 13769 тон хлеба, або 69, 1%, у 1946 годзе на 20 верасня з плана 28946 тон здадзена 22 73 тоны, што складае 79% гадавога плана. Шарашоўскі раён (цяпер частка Пружанская раёна – аўт.) ужо цалкам разлічыўся з дзяржавай і працягвае звышпланавую здачу хлеба, ім здадзена больш плана на 180 пудоў хлеба. Аднак нараўне з лепшымі раёнамі па хлебапастаўках, як Дамачэўскі (97 %), Пружанскі (92 %), Бяразоўскі (86 %), яшчэ цэлы шэраг раёнаў па-ранейшаму працягваюць адставаць: Ружанскі (65%), Маларыцкі (70%), Высокаўскі (72%), Кобрынскі (72%)…”.

Агітацыйны плакат. Збор хлеба з сельскіх жыхароў меў стратэгічнае значэнне для кіраўнікоў Савецкай краіны.

Як не круці, але вобласць плана не дадавала. Таварыш Багданаў знайшоў на каго наракаць акрамя надвор’я, бо “ворагі народа” не спяць: “Апроч фактаў адкрытага дзеяння антысавецкі настроенай часткі насельніцтва па-ранейшаму працягваюць сваю працу падпольныя банды нацыяналістаў…”.

У чым гэта выяўлялася і як замінала хлебанарыхтоўцы? Між іншага сакратар абкама пажаліўся ў Менск, што ў ноч з 30 на 31 жніўня ў раёне Дзівіна і вёсцы Павіцце Дзівінскага раёна (цяпер частка Кобрынскага раёна, – аўт.) былі расклеены на бачных месцах: тэлеграфных слупах, памяшканнях дзяржустаноў, нават на кватэры старшыні раённага Савета дэпутатаў і сакратара раённага камітэта Кампартыі (!!!), антысавецкія ўлёткі. У агітацыйных матэрыялах падпольшчыкі заклікалі палешукоў не здаваць хлеб савецкай дзяржаве, крытыкавалі кіраўнікоў партыі і ўрада. Усяго чэкісты выявілі 85 расклеіных улётак, якія ўсе былі напісаныя ад рукі. У ходзе аператыўных мерапрыемстваў міліцыянты затрымалі двух дзяўчат, якія прымалі ўдзел у акцыі антысавецкага падполля. Можна толькі ўявіць, што іх чакала… арышт і лагеры. Аналагічныя ўлёткі, ў такі ж перыяд, з’явіліся і ў Маларыцкім раёне.

Логіка бальшавікоў: усе ворагі, хто хацеў пракарміць сям’ю.

Ці маглі гэтыя заклікі паўплываць на такі адсотак людзей? Нават калі верыць афіцыйным лічбам па няздачы хлеба сялянамі, бо верагодна яны болей, партыйна-савецкі апарат вельмі любіў прыпіскі на сваю карысць. Канечне, магчыма нейкая частка па ідэйным меркаванням праігнаравала мерапрыемства камуністаў. Але падаецца куды больш праўдападобным, што асабліва і не было каму здаваць. Хто ад моманту вайны застаўся на вёсцы, хто цягнуў гаспадарку, калі амаль усё працаздольнае мужчынскае насельніцтва апынулася на фронце і не будзем зараз разбяраць, па які бок. Гінулі хлопцы! Клалі свае галовы снапамі. Абрабляць родную зямлю засталіся жанчыны, нямоглыя старыя ды дзеці.

Пасляваенны голад у СССР.

Як тут не прыгадаць словы фатографа, эколага Аляксея Дуброўскага (1945-2011): “Нельга прайсці міма вясковых бабулек. У мяне да іх асаблівыя адносіны. Самога расціла бабуля, і зараз яны мне дарагія і мілыя. Але так мала сказана аб іх і расказана. Няма ў нашай дзяржаве людзей, якім трэба так нізка пакланіцца. На сваіх руках і плячах яны моўчкі вынеслі вайну, аднавілі гаспадарку. Я памятаю, як яны, маладыя, запрагаліся ў плугі і аралі свае агароды. Запрагалі кароў і аралі калгасную ніву, каб выратаваць народ, сваіх дзяцей і ўнукаў, пакінутых пасля вайны без бацькоў, ад голаду…”.

Вось з каго партыйна-савецкія апаратчыкі намагаліся выбіць хлеб, за чыімі плячыма выконвалі план, робячы сабе кар’еру, а краіну Саветаў так і не змаглі ўдосталь накарміць.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, фотаматэрыялы: inbelhist.org.