З фігурантаў справы „Белага легіёна” Мікалая і Яна Міхальковых знялі абвінавачванні



Абвінавачванні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў па так званай справе „Белага легіёна” знятыя з Мікалая Міхалькова і яго сына Яна, паведаміла БелаПАН грамадская актывістка Ніна Шыдлоўская.

Мікалай Міхалькоў узначальвае ваенна-патрыятычны клуб „Патрыёт”, які дзейнічае пры бабруйскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Ён быў затрыманы па справе аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў” 24 сакавіка, праз тры дні пасля затрымання па той самай справе яго сына Яна.

18 мая стала вядома, што Мікалай Міхалькоў быў вызвалены з-пад варты ў Менску. Да таго, 29 красавіка, з СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага на волю выйшаў ягоны сын, які быў затрыманы 21 сакавіка.

Цяпер стала вядома пра тое, што абвінавачванні па гэтай справе з іх знятыя. „Людзі шчаслівыя, што на волі, што вярнуліся да нармальнага ладу жыцця. Ян вярнуўся да сябе на месца службы. Ён зараз разам са сваёй маладой жонкай, з якой яны толькі-толькі пажаніліся”, — распавяла Шыдлоўская.

Яна ўпэўненая, што ў сілавых ведамстваў не было ніякай падставы для затрымання многіх фігурантаў справы „Белага легіёна”. „Вельмі дзіўная выбарка наогул тых людзей, якія былі затрыманыя. Да гэтых выступах сацыяльных, што былі, а потым да таго, якое планавалася на 25 сакавіка, ніхто з затрыманых ніякага дачынення не меў. Многія з іх, з якімі я мела зносіны, нават і ісці туды не збіраліся”, — сказала Шыдлоўская, адзначыўшы, што гэта лагічны крок — вызваленне і зняцце абвінавачванняў з людзей, якія легальна працавалі і працуюць у клубе „Патрыёт”.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра „баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. Праз два дні дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Першапачаткова па справе былі затрыманыя 26 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

19 мая на прэс-канферэнцыі ў Кіеве былы лідар „Белага легіёна” Сяргей Чыслаў, які знаходзіцца ў эміграцыі, выказаў здагадку, што фігурантаў справы пачнуць паступова выпускаць са следчых ізалятараў. „Паводле нашай інфармацыі, у іх тэндэнцыя: шэсць-сем чалавек затрымаць надоўга, а іншых, верагодна, будуць патроху вызваляць”, — сказаў Чыслаў.

22 мая пад дамашні арышт са следчага ізалятара быў пераведзены гісторык Яўген Палтаржыцкі.

24 мая з’явілася інфармацыя аб працягу на чатыры месяцы абранай меры стрымання ў дачыненні да фігуранта справы Андрэя Дундукова. Пазней праваабаронцам стала вядома пра тое, што на два месяцы прадоўжаныя тэрміны ўтрымання пад вартай Уладзіміру Фёдараву, Сяргею Стрыбульскаму і Аляксандру Яўдаху. Дундукоў, Стрыбульскі і Яўдаха ўтрымліваюцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, Фёдараў — у СІЗА КДБ.

Афіцыйнай інфармацыі аб ходзе расследавання гэтай рэзананснай справы па-ранейшаму няма.

БелаПАН