З Акрэсціна адпусцілі рэдактарку tut.by Галіну Уласік



Следчы камітэт адпусціў рэдактара tut.by Галіну Уласік пасля двух сутак яе ўтрымання ў ІЧУ на Акрэсціна па „справе БелТА”.

 

Яе сустракалі дачка, калегі, сябры.

Галіна Уласік паведаміла, што знаходзіцца ў статусе падазраванай, але з яе не бралі падпіску аб нявыездзе. З канфіскаваных рэчаў не вярнулі толькі ноўтбук і тэлефон.

У ІЧУ з Уласік абыходзіліся карэктна. У прыватнасці цікавіліся станам здароўя. Яна была ў пяцімеснай камеры, але з ёй разам знаходзіліся толькі яшчэ дзве жанчыны.

Галіна Уласік расказала пра некаторыя падрабязнасці свайго затрымання. Паводле яе слоў, а шостай раніцы 7 жніўня да яе ў дзверы пазваніў міліцыянер і сказаў, што прыйшоў з нагоды крадзяжу ў пад’ездзе. Калі яна адчыніла дзверы, у кватэру ўвайшлі не менш як сем чалавек. Вобыск доўжыўся дзве гадзіны, пасля чаго яе павезлі ў СК.

belapan.by