З манумента Леніна зрабілі помнік бураку



Ва Ўкраіне ў Мікалеўскай вобласці на пастаменце, дзе раней быў Ленін, усталявалі помнік цукроваму бураку. Пра гэта паведамляе ўкраінскае выданне „Вести”.

Пад размешчанай скульптурай карняплода захаваўся напіс: „Нішто не спыніць ідэю, час якой настаў”. Гэта ўжо другі помнік гэтай агракультуры ва Ўкраіне. Першы размяшчаецца ў Кіеве, у Інстытуце цукровага бурака Нацыянальнай акадэміі навук.

Раней паведамлялася таксама, што ў Кіеве з галавы помніка Леніну, што стаяў на Бесарабскай плошчы ўкраінскай сталіцы, зрабілі фігуру павука. Здымак новага мастацкага аб’екту апублікавала ў сацсетцы журналістка Ірына Рамалійская.

У траўні 2016 года байцы Ўзброеных сілаў Украіны ў Луганскай вобласці (на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі) зрабілі з помніка Леніну манумент украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку.

Помнікі Леніну ва Ўкраіне дэмантуюцца ў рамках выканання закону аб дэкамунізацыі, які дзеіць у краіне з 2015 года. Нарматыўным актвм „забараняецца савецкая сімволіка, асуджаецца камуністычны рэжым, адчыняюцца архівы савецкіх спецслужбаў”.

Беларускае Радыё Рацыя