З пачатку зімы ў Беларусі насмерць замерзлі 47 чалавек



З пачатку года ў Беларусі зарэгістравана 22 выпадкі замярзання людзей са смяротным канцом, паведаміла 17 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны спецыяліст аддзела першаснай медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Саўко.

Усяго з 9 снежня мінулага года (з пачатку вядзення статыстыкі) у краіне змерзлі 47 чалавек, і гэта, падкрэсліла яна, даволі вялікая лічба. У палове гэтых выпадкаў людзі ўжывалі алкаголь. Саўко адзначыла, што далёка не кожны замерзлы — асоба без пэўнага месца жыхарства.

Паводле слоў намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Паўла Удода, у Менску з 9 снежня 2016 года ў арганізацыі аховы здароўя горада з халадовымі або галалёднымі траўмамі звярнулася 1.200 чалавек. З іх каля 230 чалавек было шпіталізавана. „Характэрна, што з усіх тых, хто звярнуўся, было усяго толькі 61 дзіця, — сказаў ён. — Гэта значыць, большая частка пацярпелых — гэта дарослыя, якія павінны ведаць, як паводзіць сябе ў маразы. Часта траўмы звязаныя з пачуццём алкагольнага авантурызму, калі пад зманлівым уздзеяннем спіртнога чалавек думае, што яму цёпла, а ў гэты час арганізм астуджаецца яшчэ хутчэй”.

Напярэдадні праваслаўнага свята Вадохрышча Саўко звярнула ўвагу на тое, што пасля купанняў у палонцы колькасць зваротаў па амбулаторную дапамогу і колькасць выклікаў хуткай дапамогі павялічваецца. Рост зваротаў нязначны, але заўсёды ёсць, падкрэсліла яна і адзначыла, што ў некаторых выпадках наступствамі нырання могуць стаць рэспіраторныя вірусныя захворванні, часам нават пнеўманія.

Спецыялісты адзначылі, што чалавек, які звярнуўся па меддапамогу, „ніколі не звязвае сваё недамаганне з купаннем у вадохрышчанскія маразы і будзе шукаць любую іншую прычыну”.

Медыкі паведамілі, што на тэрыторыі Менска 18 і 19 студзеня брыгады хуткай медыцынскай дапамогі будуць дзяжурыць каля кожнай царквы, каля кожнага афіцыйнага месца купання.

Паводле інфармацыі мінскай гарадской арганізацыі Асвод, вадохрышчанскія купанні будуць арганізаваныя ў раёнах дзеяння выратавальных станцый сталічнага Асвода 18 студзеня з 16.00 да 22.00 і 19 студзеня з 09.00 да 19.00.

Між тым сіноптыкі паведамляюць, што ўначы 18 студзеня чакаецца мінус 8—15°С, пры праясненнях да мінус 18°С; днём мінус 4—9°С. 19 студзеня чакаецца ўмерана марознае надвор’е: ноччу мінус 5—11°С, па паўднёва-ўсходняй палове мінус 12—16°С, пры праясненнях да мінус 18°С; днём ад 0 па паўночным захадзе да мінус 7°С па поўдні.

belapan.by