З участковай камісіі выдалілі Ганну Кажамяка, валанцёрку ініцыятывы «Сумленныя людзі»



Дзяўчына паспела падзяжурыць у складзе камісіі ўчастка №5 у Наваполацку ўсяго адзін раз – у першы дзень галасавання 4-га жніўня. Пасля звароту да старшыні камісіі, каб ён паставіў яе на дзяжурства яшчэ і ў іншыя дні, каб прасачыць за працэсам галасавання больш пільна, той адмовіўся гэта зрабіць і ініцыяваў выключэнне Ганны Кажамяка.

Афіцыйныя падставы выключэння ёй агучылі ў выканкаме, распавяла дзяўчына:

– Сказалі, што грамадзяне, якія вылучалі мяне ў камісію, не разумелі, што яны робяць. Адна з іх напісала, што думала, нібыта падпісваецца за рамонт у пад’ездзе, а другая ўвогуле не разумела, што адбываецца. І была яшчэ даведка ад старшыні камісіі, што я прахалодна стаўлюся да выканання сваіх абавязкаў і раблю сваю працу не вельмі якасна.

Паводле Ганны Кажамяка, старшыня камісіі Вадзім Кулага адразу зазначыў, што яна «цёмная лашадка», і што ён будзе да яе прыглядацца. Дзяўчына ж тлумачыла яму, што яна звычайны чалавек, не належыць да апазіцыйных структур, і захацела папрацаваць у камісіі выключна дзеля таго, каб пераканацца ў сумленнасці і празрыстасці выбарчага працэсу.

У першы дзень галасавання яна не заўважыла фальсіфікацый на сваім участку, хаця сачыла ўважліва – у адрозненне ад назіральнікаў, дапушчаных на ўчастак, якія проста «адседжвалі» свой час. Незалежныя ж назіральнікі, якія сачылі за яўкай выбарнікаў 5, 6 і 7 жніўня, паведамлялі ёй прыватным чынам пра штучнае завышэнне колькасці прагаласаваўшых.

З 8-га жніўня Ганна Кажамяка не з’яўляецца чальцом выбарчай камісіі. У гэтай выбарчай кампаніі яна была адной з дзвюх асобаў, якім удалося трапіць у камісіі з больш як 2 000 валанцёраў ініцыятывы «Сумленныя людзі».

Беларускае Радыё Рацыя, Наваполацк

Фота з асабістага архіва Ганны Кажамяка