З віцебскага ІЧУ адпусцілі незалежнага журналіста, затрыманага за здымкі пратэстаў
Ігара Мацьвеева затрымалі ўвечары 9-га жніўня, калі на плошчы Перамогі ў Віцебску АМАП пачаў хапаць мінакоў. На журналіста склалі пратакол па артыкуле 17.1 – нібыта за хуліганства. Трое сутак ён адбыў у ізалятары часовага ўтрымання, і жонцы паспелі паведаміць, што ён ужо асуджаны да арышту – на 10 сутак.
Але адпусцілі мінулай ноччу, і Ігар Мацьвееў распавёў, за што яго змясцілі пад варту:
– Фатаграфаваў на плошчы Перамогі. Падышлі да мяне: “Вы з нейкай прэс-службы? Не? Тады пайшлі з намі”. Але я не казаў, што нешта здымаў: спадзяваўся, што мяне хутка адпусцяць, праз тры гадзіны, і я пайду дахаты і зраблю матэрыял. Таму сказаў, што ішоў міма, і ўсё.
Ігар Мацьвееў кажа, што пратакол, складзены нібыта з хуліганства, ён не падпісваў і нават не чытаў – бо не меў пры сабе акуляраў, а напісаны дакумент неразборліва. Журналісту сказалі, каб ён чакаў позву ў суд – як высветлілася, суду над ім так і не было. Ён паведаміў, што з ІЧУ прыблізна ў адзін час з ім адпусцілі яшчэ некалькі чалавек, якія адбылі пад вартай некалькі сутак. Ёсць звесткі, што з-пад вартай пачалі адпускаць затрыманых і ў іншых гарадах – у Менску і ў Гомлі.
За кратамі ў віцебскім ІЧУ застаецца яшчэ адзін віцебскі незалежны журналіст, Зміцер Казакевіч. Яму прысудзілі 10 сутак арышту. Верагодна, яго прызналі вінаватым за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Фота з асабістага архіва Ігара Мацьвеева
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск