З выбарчага ўчастка выдалілі карэспандэнтку БелаПАН
Журналістам перашкаджаюць асвятляць ход галасавання на парламенцкіх выбарах. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся сёння, 17 лістапада, у Беларусі. З выбарчага ўчастка была выдаленая журналістка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алена Германовіч.
Падрабязнасці ад нашага карэспандэнта Юліі Сівец:
– Старшыня выбарчай камісіі №15 цэнтральнай акругі №33 Анатоль Шэвель заявіў, што журналістка не можа працаваць на ўчастку, паколькі не мае акрэдытацыі. Ён настойліва патрабаваў пакінуць участак. На пытанне журналісткі – пра якую акрэдытацыю вядзецца гаворка – старшыня камісіі параіў чытаць законы, але не ўдакладніў, якія менавіта.
Алена Германовіч кажа, што за 13 год працы ёй упершыню перашкаджалі працаваць сябры камісіі на выбарах. Журналістка паскардзілася ў акруговую камісію.
Пасля гэтага рыторыка старшыні камісіі змянілася, і ён дазволіў працаваць журналісцы, вызначыўшы ёй для гэтага адмысловае месца.