З-за каранавіруса ў Менску часткова прыпыненая планавая шпіталізацыя
З прычыны эпідэміялагічнай сітуацыі, звязанай з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі COVID-19, у Менску з 28 кастрычніка часткова прыпыненая планавая шпіталізацыя, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на першага намесніка старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрыя Чараднічэнку.
Паводле яго слоў, у сталіцы прыпыняюць планавую шпіталізацыю пацыентаў з хранічнай кардыяпаталогіяй. Часова спыненае таксама аказанне планавай хірургічнай і гастраэнтэралагічнай дапамогі.
Чараднічэнка адзначыў, што часовыя абмежаванні не тычацца дзяцей. „Таксама працягнецца аказанне планавай траўматалагічнай, гінекалагічнай, афтальмалагічнай і анкалагічнай дапамогі. Па гэтых напрамках будзе аказвацца планавая дапамога ў тым парадку, у якім і аказвалася ў не задзейнічаных пад каранавірус бальніцах або аддзяленнях”, — паведаміў ён.
„Эпідсітуацыя па каранавірусе ў Мінску прагназаваная. Вядома, мы чакалі другую хвалю — яна плаўна нарастае. Гэтая сітуацыя дазволіла нам спакойна і паступова ўключыцца ў працэс аказання меддапамогі. У ліпені, жніўні і верасні назіраліся спарадычныя выпадкі захворвання на COVID-19. Мы спецыяльна не разбіралі ў бальніцах канструктыўныя прыстасаванні — шлюзы, перакрыцці і гэтак далей. Зараз усе аддзяленні гатовыя і далей працаваць як „кавідныя”, — заявіў Чараднічэнка.
На сцвярджэнне прадстаўніка Мінгарвыканкама, усе ўстановы аховы здароўя сталіцы забяспечаныя сродкамі індывідуальнай аховы. „Мы маем пастаянны запас прыкладна на месяц-паўтара, па некаторых пазіцыях большы. У нас ёсць культура абыходжання са сродкамі індывідуальнай аховы, яны расходуюцца больш рацыянальна. Натуральна, атрымаўшы ўрок у першую хвалю, цяпер значна менш праблем з захворваннем персаналу”, — сказаў ён.
Паводле інфармацыі сталічнага камітэта па ахове здароўя, зараз у Мінску разгорнута 2,7 тысячы ложкаў, рэанімацыі аснашчаныя больш як 100 апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх. „У медыкаў ёсць план дзеянняў на любы сцэнар і развіццё падзей — клінічныя пратаколы, рэкамендацыі падрыхтаваныя. Улічаныя ўрокі першай хвалі — у другой крыху лягчэй працаваць і ўрачам, і медсёстрам, і арганізатарам аховы здароўя”, — сказаў чыноўнік.
У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што на 20 кастрычніка прыблізна 51 тысяча супрацоўнікаў медустаноў па ўсёй краіне атрымалі надбаўкі за працу ва ўмовах каранавіруса згодна з указам прэзідэнта № 131 „Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя”. Гэта 12 тысяч урачоў, 24 тысячы работнікаў сярэдняга персаналу, 15 тысяч работнікаў іншых катэгорый (санітаркі, вадзіцелі). „Мы разумеем, што гэта вялікія грошы, яны павінны быць атрыманыя за працу. Наказ прэзідэнта дакладна выконваецца — грошы атрымліваюць людзі, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19”, — адзначылі ў прэс-службе міністэрства.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на 27 кастрычніка, колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 94.609 (+902 за апошнія суткі), памёр 961 чалавек (+4). Сутачны прырост выпадкаў інфекцыі ўпершыню з канца мая перавысіў 900 (29 мая было зарэгістравана 906 новых выпадкаў каранавіруса). Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 84.237 пацыентаў (489 за суткі). Праведзена 2.386.740 тэстаў на каранавірусную інфекцыю.
