З-за шалёнага сабакі ў трох раёнах Менска ўводзіцца каранцін на два месяцы



У трох раёнах Менска ўводзіцца каранцін з-за выяўлення шаленства ў сабакі пароды кане-корса.

Як паведамілі БелаПАН на Менскай гарадской ветэрынарнай станцыі, для абвяшчэння каранціну ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах ужо падрыхтаваныя дакументы. „Як толькі іх падпішуць, стане ясна, з якога дня будзе каранцін. Абвесцім мы яго на два месяцы”, — сказала галоўны ветэрынарны ўрач службы Тамара Сцепанькова.

Паводле яе слоў, на час каранціну жывёлам з пэўных пунктаў будзе забаронена наведваць выставы і пакідаць межы раёна ці горада. „Інфармацыя пра тое, ці трапіла ваша вуліца або дом у спіс такіх пунктаў, будзе размешчаная ў раённых ветэрынарных службах”, — сказала Сцепанькова. Кантроль за перамяшчэннем жывёл будуць ажыццяўляць раённыя ветслужбы.

Як паведаміла санітарна-эпідэміялагічная служба Менска, 7 студзеня ў Менску на вуліцы выявілі сабаку пароды кане-корса. „Паводле вынікаў праведзенага расследавання ўстаноўлена, што да студзеня сабака жыў у сям’і ў Менску па вул. Мініна. Напярэдадні жывёлу прадалі мінчаніну з Фрунзенскага раёна. Паводле слоў гэтага грамадзяніна, у гэты ж дзень сабака быў перададзены жыхарцы аграгарадка Чурылавічы. У перыяд з 7 па 11 студзеня сабака мог знаходзіцца ў раёне вуліцы Сярова і вуліцы Гурскага”, — паведамляецца на сайце санэпідслужбы.

11 студзеня сабаку знайшлі ў Кастрычніцкім раёне Менска і ўзялі на ператрыманне валанцёры. 17 студзеня ў сабакі з’явіліся прыкметы захворвання, яго адвезлі на ветэрынарную станцыю, дзе ён увечары памёр. 19 студзеня спецыялісты абвясцілі, што ў жывёлы ўстаноўленае шаленства.

Улічваючы небяспеку захворвання на шаленства, санітарна-эпідэміялагічная служба Менска пераканаўча просіць грамадзян, якія маюць сабак, правесці вакцынацыю непрышчэпленых жывёл, строга выконваць правілы ўтрымання сабак і катоў.

belapan.by