За абразу пракурора Таратынкі мужчыну пакаралі двума гадамі „хатняй хіміі”



У судзе Першамайскага раёна г. Менска разглядзелі справу ў дачыненні да Дзмітрыя Невяроўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

 

 

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Мацвей Худаешка.

Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Невяроўскі пакінуў абразлівы нецэнзурны каментар у тэлеграм-чаце “Каратели Беларуси” пад фота старэйшай памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Валерыі Таратынкі ў сувязі з выкананнем ёй сваіх службовых абавязкаў, чым прынізіў яе гонар і годнасць. Дадзены каментар быў дасяжны для неабмежаванага кола карыстальнікаў інтэрнэт.    

Абвінавачаны знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе, мае 3 групу інваліднасці. У судзе абараняў сябе сам. Ён поўнасцю прызнаў віну, сказаў, што пакінуў каментар на эмоцыях пасля таго, як прачытаў шмат розных навінаў, не хацеў прычыніць маральныя пакуты пацярпелай.

У абвінавачанага быў праведзены вобшук, падчас якога былі канфіскаваныя і далучаныя ў якасці рэчавых доказаў бела-чырвона-белы сцяг, два балоны з чырвонай фарбай, керамічны выраб з выявай герба “Пагоня”, вокладка з выявай “Пагоня”.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Дзмітрыя Невяроўскага вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і пакараць яго двума гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Раніцай 29 ліпеня суд агучыў прысуд. Максім Трусевіч палічыў віну Дзмітрыя Невяроўскага даказанай і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў “хатняй хіміі”.

Суд таксама пастанавіў: мабільны тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а вынятыя рэчавыя доказы – знішчыць. 

spring96.org