За абразу Ярмошынай асудзілі сябра яе памерлага сына



На 2 гады калоніі асудзілі былога работніка Генэральнай пракуратуры Аляксандра Мікалаева. Яго абвінавачвалі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: абраза прадстаўніка ўлады, абраза судздзі, абраза Лукашэнкі. Мікалаева судзілі ў тым ліку за абразы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Мікалаеў даваў вострыя характарыстыкі ейнай асобе і вінаваціў яе ў тым, што яна забараняла сыну «жыць мужчынам» і прыводзіць у дом дзяўчат.

Па інфармацыі НН, Аляксандар Мікалаеў быў у цесным сяброўстве з сынам Ярмошынай, адвакатам Аляксеем Ярмошыным, які памёр у 2017 годзе, маючы 40 гадоў. Яны разам падымаліся па кар’ернай лесвіцы, у пракуратуры Цэнтральнага раёну працавалі ў адным кабінэце. Такім чынам, за абразу Ярмошынай асудзілі сябра яе сына-нябожчыка.