За адну „каларадку” – дзве стужачкі з беларускім арнаментам



Перад 9 траўня зноў у Беларусі набываюць папулярнасць жоўта-карычневыя “георгіеўскія” стужкі, якія з’яўляюцца сімвалам расейскай агрэсіі.

Актывіст руху “За свабоду” і ўладальнік крамы “Росквіт” Юрый Казакевіч з Баранавіч  гатовы да абмену расейскіх паласатых стужак, якія ў народзе называюць “каларадскімі” на беларускія нацыянальныя. Прытым, абмен вельмі выгадны, гаворыць Юрый Казакевіч:

– Нямала беларусаў выкарыстоўваюць гэтую “каларадку” ўвогуле не задумваючыся пра яе сучаснае значэнне. Тым самым яны мімаволі прапагандуюць ідэю так званага “рускага свету”. І нашыя грамадзяне з’яўляюцца мэтавай аўдыторыяй маёй прапановы замяніць расейскі сімвал на наш беларускі. У краме “Росквіт” праводзіцца абмен: адну “каларадку” на дзве нашыя стужачкі з арнаментам.

На старонцы Юрыя Казакевіча ў фэйсбуку з’явілася запрашэнне: “З гэтага часу і заўсёды ў краме “Росквiт” задарма мяняем змрочныя стужкі-„каларадкі” на нашы — беларускія, светлыя і вясёлыя!”

Беларускае Радыё Рацыя