За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана больш за 600 новых выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі CОVID-19 у Беларусі дасягнула 85.734 (+613 за апошнія суткі), памерла 916 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Апошні раз такі прырост выпадкаў інфекцыі (больш за 600) рэгістраваўся 20 чэрвеня. 14 кастрычніка, паводле афіцыйнай статыстыкі, было 597 новых выпадкаў і пяць смерцяў.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 78.583 пацыенты (365 за апошнія суткі).

Праведзена 2.144.544 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 25.728.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

belapan.by