За чыстую Чыжоўку



Намаганні грамадскасці палепшыць экалагічную сітуацыю ў менскім раёне Чыжоўка і ўпарадкаваць яе пачалі даваць некаторы плён, – кажа каардынатар грамадскай ініцыятывы „За чыстую Чыжоўку”, лідар арганізацыі „Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч. Улады пачалі рэагаваць на зварот з  патрабаваннямі, які падпісала каля 1000 жыхароў гэтага раёна.

Артур Фінькевіч: ” Апроч гэтага мы яшчэ адну петыцыю падавалі за раздельны збор смецця. Частка нашых патрабаванняў была задаволена. Менавіта па рамонце дваровых тэрыторыяў жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае  аб’яднанне  арганізавала сустрэчу з мясцовымі жыхарамі. Запрасілі нас, запрасілі падпісантаў петыцыі. На гэтай сустрэчы быў кіраўнк ЖРЭА Заводскага раёну. Сустрэча адбылася ў дастаткова нармальным, пазітыўным і працоўным ключы. Яны пагадзіліся адрамантаваць тыя пешаходныя дарожкі і лесвіцы, якія былі ўказаны ў петыцыях, прычым абсалютна без аніякіх пытанняў.  Адзінае, сказалі, што гэта будзе зроблена ў трэцім квартале. Што датычна Чыжоўскага вадасховішча, мы атрымалі адказ, што  яно будзе ачышчана, будзе ачышчаны бераг і тэрыторыі з боку Чыжоўкі. Гэта зробяць у 2019 годзе. А ў 2018 – м будзе складзены каштарыс расходаў.

Што датычна звалкі Прудзішча, то атрыманы адказ спачатку з адміністрацыі Заводскага раёну. Туды была накіаравана наша петыцыя, бо гэты сметнік  тэрытэрыяльна адносіўся да Заводскага раёну. Адтуль мы атрымалі адказ, што яны пераслалі нашу петыцыю ў камунальнае ўнітарнае прадпрыемства „Экарэс”. Але нам было адмоўлена ў закрыцці сметніка. У адмове ўказана прычына, што ў іх ёсць усе патрэбныя дазволы. То бок, яны патлумачылі, што працуюць на законных падставах. Апроч таго, кіраўнік гэтага „Экарэс”  мне тэлефанаваў, размаўляў. Казаў, што калі ёсць нейкія пытанні, заўвагі, — калі ласка, тэлефануйце, у працоўным рэжыме будзем вырашаць і гэтак далей. То бок, таксама дастаткова ветліва, але пры гэтым мы атрымалі адмову.

Пасля гэтага мы вырашылі правесці сход жыхароў Лошыцы. Таму што сметнік – гэта праблема не толькі Чыжоўкі, але і Лошыцы. Ён знаходзіцца фактычна паміж гэтымі раёнамі. Прыйшло парадка 50 – 60 чалавек. Яны прыйшлі не адразу, у адзін момант,  а перманентна падыходзілі – адыходзілі… Пагаварылі, пагаманілі, выказалі заўвагі да тэкста петыцыі, падпісалі і сыйшлі. За імі новая група. А пасля гэтага сходу літаральна праз некалькі дзён звалка гарэла. Пра тое, што яна перыядычна гарыць і смярдзіць, мы ўказвалі ў тэксце петыцыі і тут такое фактычнае пацверджанне, – яна зноў гарыць. І вось у сувязі з гэтым у бліжэйшы час паспрабуем правесці сход мясцовых жыхароў для збору подпісаў за закрыццё небяспечнага  сметніка. Пасля чаго разам і новыя подпісы і сканы папярэдніх подпісаў перададзім у  Менгарвыканкам на імя яго кіраўніка Андрэя Шораца. Будзем спрабаваць вырашаць такія лакальныя праблемы, бо мне падаецца, што на сённяшні момант гэта мае больш сэнсу, гэта больш актуальна, бо іх можна вырашаць, ці, па крайняй меры, спрабаваць вырашаць” – рапавёў Артур Фінькевіч.

Віктар Янчурэвіч, каардынатар грамадскай ініцыятывы „Экаград”: „Гэта абсалютна правільная ініцыятыва. І добра, што знайшліся людзі, якія ахвяруюць сваім часам дзеля таго, каб акцэнтаваць увагу мясцовых уладаў на пэўных праблемах, якія існуюць у раёне. Зразумела, што і Чыжоўскае вадасховішча павінна быць ачышчана, і  прылеглыя да яго тэрыторыі павінны быць упарадкаваны, каб было добрае месца для адпачынку мясцовых жыхароў. І сметнік, які знаходзіцца за кальцавой, побач з мікрараёнам, таксама павінен быць зачынены.  Размовы аб тым, што  яго трэба зачыняць, ідуць ужо шмат гадоў. Але ўвесь час гэтае пытанне адкладваецца, таму што зразумела – гэта вельмі дарагі праект і ён патрабуе значных бюджэтных укладанняў у тое, каб распрацаваць і падрыхтаваць новую пляцоўку для складзіравання і захавання адходаў будаўнічых матэрыялаў… Не ўсё атрымліваецца з першай спробы. Але трэба працягваць тую працу, якую пачалі. Гэта адзіны цывілізаваны шлях вырашэння праблемаў, – актывізацыя мясцовых жыхароў, мясцовай супольнасці, збор подпісаў пад зваротамі да мясцовых уладаў, наладжванне камунікацый са сродкамі масавай інфармацыі з той мэтай, каб аб праблемах увесь час пісалі, каб гэтыя праблемы былі на слыху, каб яны станавіліся праблемамі не толькі для мясцовых жыхароў, але таксама і для мясцовых уладаў. Каб вышэйстаячае кіраўніцтва заўсёды цікавалася, чаму людзі ўвесь час пішуць звароты, ідуць да сродкаў масавай інфармацыі, а праблемы ніяк не вырашаюцца? Досыць шмат прыкладаў, калі менавіта такімі дзеяннямі, а таксама і больш актыўнымі, звязанымі з выхадам людзей на вуліцу, у свае двары, паркі, у якіх ссякаюць дрэвы, удавалася  абараняць пэўную тэрыторыю, дамагацца пасля яе ўпарадкавання ў інтарэсах мясцовых жыхароў.

Зразумела, што гэта складаны і доўгі шлях. Таму не варта разлічваць на хуткі вынік. А варта настройвацца на працяглую працу, на пышырэнне ініцыятывы, уцягванне ў яе як мага большага кола мясцовых жыхароў”, — раіць Віктар Янчурэвіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск