За экстрэмісцкія матэрыялы прапанавана караць больш жорстка



Плануюцца змены ў кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Новы законапраект прадугледжвае змены ў артыкул 17.11, які на гэты момант гучыць наступным чынам: “Выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Цяпер дадаецца яшчэ іх правоз, і другая частка, якая тычыцца правозу матэрыялаў, непасрэдна ўключаных у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх. Каментуе старшыня “Беларускай асацыяцыі журналістаў” – Андрэй Бастунец:

– Спрабуюць, ці заканадаўцы, ці тыя, хто прапануе гэтыя змены, выбіць тыя аргументы, якімі карысталіся праваабаронцы. Калі будуць унесеныя гэтыя змены, то адказнасць можа наступіць і незалежна да таго, была прадукцыя ўключана ў пералік экстрэмісцкай прадукцыі, ці яшчэ на момант затрымання, напрыклад, падчас яе перавозу, не была прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам.

Прыгадаем, што артыкул, звязаны з так званымі экстрэмісцкімі матэрыяламі, улады актыўна выкарыстоўваюць супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Так, “экстрэмісцкімі” былі прызнаныя фотаальбомы “Прэс-фота Беларусі – 2011”, пазней Ігара Логвінава пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі за выпуск гэтых альбомаў. Сёлета ў Берасці суд знайшоў прыкметы экстрэмізму ў кнігах Зянона Пазняка “Добрая фатаграфія” і “Абарона Курапатаў”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя