За інфармаванне пра малы памежны рух – судовае папярэджанне



Паліне Панасюк і Андрэю Шарэнду за  адну з акцыяў  інфармацыйнай кампаніі па малым памежным руху ў Берасці абвесцілі папярэджанне. Адміністрацыйную справу на падставе складзенага ўчастковым Георгіем Вайтко пратакола вёў суддзя Суда Ленінскага раёна Берасця Алег Міранюк.

skladannie_pratakola

Участковы Георгій Вайтко складае пратакол.

Андрэя і Паліну вінавацілі ў парушэнні правілаў пікетавання, маўляў, не было дазволу. У працэсе некалькі разоў рабілі перапынак, выклікалі сведку з ліку цывільных, якая аднак заявіла, што пікет не бачыла.

Каментуе сам грамадскі актывіст:

– Прызналі вінаватымі. Тое, што далі папярэджанне, думаю, проста суддзя не захацеў непатрэбнага розгаласу, нейкага скандалу, які мог бы быць, таму што такія акцыі праводзяць паўсюль. Зразумела, што ён ставіць нейкі крыж насупраць свайго прозвішча, што вынес такі прысуд. Вырашыў зрабіць просты крок – асудзіў, але толькі даў папярэджанне.

img_20161206_155744

Акцыя па раздачы балонікаў і інфармацыйных улётак аб малым памежным руху і сапраўды мела месца.

“Гэта была звычайная раздача ўлётак і сувеніраў, а ніяк не масавае мерапрыемства. Дзе міліцыя ўгледзела пікет? Не разумею”, – сказаў Шарэнда.

Гэта першы за апошнія месяцы выпадак калі грамадскіх актывістаў не пакаралі штрафам.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя