За каментар год і шэсць месяцаў дамашняй хіміі



За слова “казёл” у якасці каментара ў інтэрнэце год і шэсць месяцаў дамашняй “хіміі”, 800 рублёў з патрабуемай 1000 маральнай шкоды, канфіскацыя тэлефона як сродка здзяйснення крымінальнага злачынства, 87 рублёў дзяржаўнай пошліны і страта працы. Такое пакаранне ў Бярозаўскім судзе атрымала 44-гадовая жыхарка аграгарадка Малеч Бярозаўскага раёна Вольга Сізова. Гэтае слова яна пакінула ў якасці каментара  пад здымкам цяпер ужо начальніка ідэалагічнай работы Упраўлення ўнутраных спраў Берасцейскага аблвыканкама падпалкоўніка Віктара Турчыновіча яшчэ ў жніўні 2020 года. Нягледзячы што жанчына сваю віну прызнала, раскаялася і папрасіла прабачэння ў Турчыновіча, суддзя Людміла Рудзіна і дзяржаўны абвінаваўца пракурор Аляксандр Круцько падыйшлі да справы па ўсёй строгасці закона за абразу прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў, кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– На мой погляд, у нас дагэтуль грамадзяне для чыноўнікаў, а не чыноўнікі для грамадзянаў. За 30 гадоў незалежнасці, мы па-ранейшаму застаемся постсавецкай краінай, у якой, у адрозненні ад заходніх краінаў Еўрапейскага кантыненту, у нашым заканадаўстве да гэтуль прысутнічаюць і адміністрацыйная, і крымінальная адказнасць за абразу людзей, якія займаюць нейкія дзяржаўныя пасады. Хоць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае, што ўсе грамадзяне роўныя.

Паводле праваабаронцы, у еўрапейскай практыцы такія справы разглядаюцца па грамадзянскіх ісках. Пры прызнанні абразы чалавек атрымлівае штраф. Гэта далёка не першы суд па крымінальнаму артыкулу за абразу ў Бярозаўскім раёне. Без “хіміі” і вялікай сумы маральнай кампенсацыі не абыйшлося.

Беларускае Радыё Рацыя