За каментар – абмежаванне волі і буйны штраф



Суд Ленінскага раёна Менска (суддзя Юлія Шут) 2 верасня аштрафаваў на 1,5 тыс. рублёў Руслана Літвіна, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады. Мабільны тэлефон Літвіна канфіскаваны ў даход дзяржавы, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”. Штраф пойдзе прызнанаму пацярпелым міліцыянеру Уладзіміру Казлоўскаму, які падаў іск.

Паводле версіі абвінавачвання, 31 кастрычніка 2020 года Літвін пакінуў абразлівы каментар пад публікацыяй з фатаграфіяй і персанальнымі звесткамі супрацоўніка Ленінскага РАУС Гародні Казлоўскага ў адным з тэлеграм-чатаў, чым „здзейсніў злачынства па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса”.

Казлоўскі нібыта быў збіты на перадвыбарным пікеце 29 траўня 2020 года, пасля чаго быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі, муж будучага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Праваабаронцы адзначаюць, што Казлоўскі на пасяджэнне не з’явіўся, але прасіў абвясціць яго паказанні і заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Літвін віну прызнаў і заявіў, што не можа растлумачыць, як усё адбывалася, бо прайшоў амаль год. Паводле яго слоў, з пацярпелым сам не звязваўся, але „аператыўнікі прапанавалі запісаць прабачэнні на відэа”, на што ён пагадзіўся.

Гэта другі прысуд Літвіну па справе аб абразе Казлоўскага. 13 траўня суд Партызанскага раёна Менска прыгаварыў яго да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (хатняя „хімія”).

БелаПАН