За камунальныя паслугі – другаснай сыравінай



„Камунальнае жыллёва-эксплуатацыйнае прадпрыемства „Рагачоў” прапануе вам магчымасць аплаты жыллёва-камунальных паслуг праз здачу другасных рэсурсаў (пластык, шкло, макулатура)” — аб’явы такога зместу з’явіліся на дзвярах пад’ездаў у Рагачове.

У цэху па эксплуатацыі і ўтрыманні жыллёвага фонду КЖЭУП „Рагачоў” БелаПАН пацвердзілі, што такая паслуга сапраўды ўкараняецца прадпрыемствам. Камунальнікі адзначылі, што ім даведзеныя ёмістыя паказчыкі па здачы другаснай сыравіны, „а ў некаторых людзей, магчыма, і няма наяўных грошай, але ёсць лішак макулатуры, пластыку”. Таму мэта новаўвядзення — дапамагчы камунальнаму прадпрыемству ў нарыхтоўцы другаснай сыравіны і прапанаваць спосаб расплаціцца за камунальныя паслугі.

У пунктах прыёму другаснай сыравіны, якія цяпер арганізуюцца, будзе дзейнічаць сістэма ведамасцяў назапашвання. Грамадзяне могуць прынесці туды макулатуру, пластык альбо шкло, а сродкі за здадзеную другасную сыравіну пойдуць у кошт аплаты камунальных паслуг. У КЖЭУП „Рагачоў” падкрэслілі, што ўжо паступалі тэлефанаванні ад зацікаўленых грамадзян, і выказалі надзею, што такі спосаб аплаты камуналкі будзе запатрабаваны.

belapan.by