За хабар затрымалі намесніка гендырэктара БелАЗа



У Менску за хабар затрыманы намеснік генеральнага дырэктара ААТ „БелАЗ” па фінансавай і эканамічнай палітыцы, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Кіраўнік быў затрыманы 4 ліпеня з доказамі злачынства супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС і Следчага камітэта.

Прадстаўнік сталічнай камерцыйнай структуры перадаў намесніку гендырэктара БелаЗАа 1.200 долараў ЗША за спрыяльнае вырашэнне пытання аб першачарговай аплаце пастаўленай на адрас завода партыі металу.

Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 5 ліпеня былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст ААТ „БелАЗ”, якія з 8 чэрвеня па 4 ліпеня таксама атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў згаданай фірмы ў якасці падзякі за станоўчае вырашэнне пытання аб заключэнні дамоў на пастаўку металу.

Следчыя ўстанавілі, што незаконная схема дзейнічала з восені мінулага года — з моманту ўтварэння камерцыйнай структуры. Метал для патрэб ААТ „БелАЗ” закупляўся па цэнах вышэйшых за рынкавыя. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сістэматычна атрымлівалі хабар. Іх памер складаў пэўны працэнт ад сумы здзелкі.

На сёння, паводле матэрыялаў ГУБАЗіК, затрыманыя шасцёра ўдзельнікаў злачыннай групы: трое службовых асоб ААТ „БелАЗ” і трое прадстаўнікоў фірмы. Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату СК Беларусі распачало справы на падставе артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару), які прадугледжвае максімальнае пакаранне 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, і на падставе артыкула 431 КК (даванне хабару), які прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Следства наклала арышт на маёмасць, што належыць фігурантам: шэсць аўтамабіляў прэміум-класа, грошы і каштоўнасці, сем аб’ектаў нерухомасці.

Праводзяцца аператыўна-следчыя мерапрыемствы па ўсталяванні і дакументаванні ўсёй злачыннай дзейнасці затрыманых асоб.

БелаПАН