За кожны надрукаваны рэдакцыяй матэрыял — пратакол



На пазаштатнага аўтара тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча міліцыя склала ажно сем пратаколаў.

Журналіста вінавацяць у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ», з чым Уладзімр Лапцэвіч не згаджаецца. „Прадукцыю СМІ вырабляе рэдакцыя выдання, а не пазаштатны аўтар”, — кажа Уладзімір Лапцэвіч:

— Я гэта ўсё ўспрымаю як пераслед не столькі за тое, што нешта друкуецца ў «Ніве»пад маім прозвішчам, а менавіта за журналісцкую дзейнасць, якую я вяду як карэспандэнт БелаПАН.

Галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Яўген Вапа, адзначае, што пераслед Уладзіміра Лапцэвіча абсурдны, але паказальны:

Праз такія справы, нібы малыя, але малыя справы паказваюць большыя рэчы, відавочна, што з боку ўлады ідзе паляванне на незалежных журналістаў і яно не закончыцца. Калі ўцягваюць ў свае інтрыгі ды яшчэ карыстаючыся незалежным тыднёвікам беларусаў у Польшчы «Ніва», я лічу, што гэта правакацыя.

Адміністрацыйная справа супраць Уладзіміра Лапцэвіча грунтуецца на пратаколе агляду інтэрнэт старонкі тыднёвіка Ніва ды звестках з падатковай інспекцыі, аб атрыманні аўтарскіх ганарараў за допісы. Уладзімір Лапцэвіч мяркуе, што судовы разгляд па гэтых справах адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні.

Поўны мактэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя