За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1.922 выпадкі COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1.922 выпадкі COVID-19. Памерлі восем чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
22 снежня было 1.858 выпадкаў каронавіруса, памерлі восем чалавек.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 179.196, памерла 1.349 пацыентаў з каронавірусам. Паправіліся 157.079 чалавек. Выпісаныя з устаноў аховы здароўя 2.272 пацыенты.
За мінулыя суткі выканана 24.333 тэсты. Усяго ў краіне праведзены 3.827.451 тэст на каронавірус.
Аляксандр Лукашэнка 22 снежня падчас нарады па пытаннях распрацоўкі супрацьвірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын паабяцаў, што Беларусь будзе забяспечаная вакцынай ад каронавіруснай інфекцыі COVID-19. „Незалежна ад таго, ці выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечаная вакцынай, і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Паводле яго слоў, у першую чаргу будуць прышчэпленыя найбольш неабароненыя слаі насельніцтва: пажылыя людзі, медыкі, настаўнікі, гандлёвыя работнікі. „Для гэтага мы заўсёды знойдзем сродкі, і абавязаныя гэта зрабіць”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Днём раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паведаміў, што ў краіне выдадзенае рэгістрацыйнае пасведчанне на расійскую вакцыну „Спадарожнік V” і вакцынацыя беларусаў гэтым прэпаратам пачнецца ў студзені 2021 года. Чыноўнік паведаміў, што ў Беларусі да канца вясны плануюць вакцынаваць ад COVID-19 1,2 млн чалавек, а затым „выйсці на паказчык у 5,5 млн вакцынаваных”.
