За мінулыя суткі ў Беларусі зноў адзначаны прырост інфікаваных COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 65.623 (180 за апошнія суткі), памерла 485 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі зноў адзначаны прырост інфікаваных, які, тым не менш, восьмы дзень трымаецца ніжэй за 200. У папярэднія суткі былі 174 новыя выпадкі і шэсць смерцяў.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 56.915 пацыентаў (за апошнія суткі 536). Такім чынам, вылечыліся каля 87% тых, хто захварэў.

Праведзена 1.162.280 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.546.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

9 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што за апошні месяц колькасць інфікаваных COVID-19 і пнеўманій знізілася ў некалькі разоў. „Апошнія тыдні мы назіраем устойлівую станоўчую дынаміку. Гэта тычыцца як колькасці выяўленых выпадкаў інфікавання, так і (што найбольш важна) колькасці ўскладненых формаў захворвання. Гэта тыя пацыенты, у якіх цячэнне каронавіруснай інфекцыі ўскладняецца пнеўманіямі”, — сказаў Каранік, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.

Зніжэнне захворвання, паводле слоў міністра, дазваляе праводзіць зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду. „Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў без выключэння нашай краіны. Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання”, — дапоўніў ён.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, зараз няма неабходнасці ў вялікай колькасці бальніц для пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. Разам з тым ідзе праверка гатоўнасці медустаноў на выпадак другой хвалі COVID-19.

belapan.by