За нацыянальную даменную зону будзе адказваць beCloud замест hoster.by



З 1 студзеня 2022 года функцыі адміністратара нацыянальнай даменнай зоны замест hoster.by будзе выконваць падкантрольны дзяржаве інфраструктурны аператар beCloud (СТАА „Беларускія воблачныя тэхналогіі”), паведамляе аператар са спасылкай на загад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце № 138 ад 25 жніўня 2021 года.

На працягу апошніх дзесяці гадоў тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны выступае ТАА „Надзейныя праграмы” (hoster.by). Кампанія адказвае за працу нацыянальнай даменнай зоны .by і.бел: ад падтрымкі рэестра і DNS-сервераў да правядзення дабрачынных аўкцыёнаў даменаў.

У гэты час у нацыянальнай даменнай зоне .by і .бел зарэгістравана прыблізна 150 тысяч даменаў.

Названыя змены пракаментавалі ў hoster.by: „Беручы пад увагу заканчэнне 10-гадовага тэрміну нашых паўнамоцтваў у статусе тэхнічнага адміністратара нацыянальнай даменнай зоны, мы яшчэ ў 2020 годзе правялі аналіз напрамкаў дзейнасці кампаніі, якія для нас будуць актуальныя ў будучыні. На стратэгічнай сесіі кампаніі былі вызначаныя напрамкі, у якія hoster.by накіроўвае інвестыцыі: шэраг праектаў, дзе мы аказваем паслугі па мадэлі as a service і devops-аўтсорсінг. Акрамя таго, мы застаемся найбуйнейшым акрэдытаваным ICANN рэгістратарам даменных імёнаў у нацыянальных і міжнародных даменных зонах”.

18 мая ў Менску прайшлі масавыя затрыманні прадстаўнікоў найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-партала навін і праектаў, звязаных з ім, у тым ліку hoster.by. Пасля вобшуку ў офісе hoster.by супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю павезлі з працоўнага месца гендырэктара кампаніі Сяргея Павалішава, яго затрымалі. Рахункі кампаніі на працягу двух месяцаў былі заблакаваныя.

СТАА „Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beCloud) — падкантрольны дзяржаве інфраструктурны аператар, створаны на падставе ўказа прэзідэнта ў 2012 годзе. Яго дзейнасць заключаецца ў праектаванні, будаўніцтве, абсталяванні і эксплуатацыі апорнай сеткі перадачы даных для адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных, рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных, сеткі чацвёртага пакалення LTE, участка транзітнай магістралі сеткі электрасувязі па тэрыторыі Беларусі.

БелаПАН