За паведамленні з пагрозамі, выдаленае праз 10 хвілін, – тры гады калоніі



У судзе Першамайскага раёна Менска 13 красавіка вынеслі прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку, цырульніку з Берасця 31-гадоваму Андрэю Сачанку.

Як паведамляецца на праваабарончым сайце spring96.org, мужчыну абвінавацілі на падставе артыкулаў 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобе, якая выконвае грамадскі абавязак) Крымінальнага кодэкса.

Паводле версіі абвінавачання, у жніўні і верасні 2020 года ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” Сачанка напісаў паведамленні з пагрозамі гвалту двум супрацоўнікам АМАП Віктару Краўчуку і Руслану Кавальчуку, бацькам ваеннага Дзяніса Патрушава і выкладчыку МДЛУ Ігару Пучэні. Гэтым ён „парушыў псіхалагічны і душэўны спакой” пацярпелых.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы Ганны Лапёнак, віна абвінавачанага пацвярджаецца яго ж словамі, словамі пацярпелых, сведак, матэрыяламі справы: скрыншотамі паведамленняў, якія даслаў Сачанка, каментарамі абвінавачанага ў сацыяльных сетках. Яна падкрэсліла, што паведамленні мелі на мэце перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а пагрозы былі ўспрынятыя імі як рэальныя. Чыстасардэчнае прызнанне пракурор прасіла лічыць змякчальнай акалічнасцю.

Сачанка на судзе расказаў, што 11 жніўня яго брата затрымалі ў кавярні, з маці груба абышліся ў РАУС, яна хвалявалася, бо ніхто не казаў ёй, дзе сын. Таму ён на эмоцыях напісаў каментары ў інтэрнэце. Адзначыў, што на працягу 5-10 хвілін выдаліў іх, а потым — і акаўнт у „УКантакце”. Сачанка затрымалі 6 студзеня ў Берасці, дзе ён жыве, і прывезлі ў Першамайскае РУУС Менска.

Мужчына цалкам прызнаў віну згодна з абодвума артыкуламі, даслаў з СІЗА пацярпелым лісты з выбачэннямі.

Адвакат папрасіла ўлічыць чыстасардэчнае прызнанне, прызнанне віны і супрацоўніцтва са следствам. У сувязі з гэтым кваліфікацыя злачынства не выклікала ў яе сумневаў. Пытанне, на якое яна папрасіла звярнуць увагу, — мера пакарання. Паколькі злачынствы, учыненыя яе падабаронным, можна кваліфікаваць як „менш цяжкія”, яны не нанеслі шкоды жыццю і здароўю людзей, судом павінна быць спагнаная справядлівая грашовая кампенсацыя. Яна таксама адзначыла станоўчыя характарыстыкі Сачанкі з боку яго сваякоў і прасіла прызначыць мужчыну пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Суддзя Анастасія Кулік прызначыла Сачанку тры гады пазбаўлення волі паводле артыкула 364 КК і два гады — паводле артыкула 366 КК. У сукупнасці ён прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне прасіла дзяржабвінаваўца.

Суд абавязаў Сачанку выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў 2 тысячы рублёў пацярпеламу Кавальчуку, дзяржпошліну (87 рублёў) і працэсуальныя выдаткі (12 капеек).

belapan.by