“За рабаванне сялян – папалім хаты бальшавікам!”



Жорсткія меры сталіністаў у дачыненні да жыхароў вёсак выклікалі бязлітасны адказ антысавецкага падполля. Амаль усе ўдзельнікі супраціву былі тутэйшымі, з Палесся, таму яны не маглі проста назіраць за здзекамі над сваякамі, блізкімі людзьмі. Паселішчы спустошыла вайна, ацалелыя жыхары змардаваныя, а тут чарговы новы парадак ад бальшавікоў – калгасы, хлебанарыхтоўкі і сельскагаспадарчы падатак. З каго? З чаго?

Літаральна на днях узгадвалі пра хлебаздачу на Берасцейшчыне ў 1946 годзе (гл.: З Берасця ў Менск: Хлебаздача большае, але нацыяналісты зрываюць 100% план), крыху працягнем і дапоўнім тэму. Цяпер звернемся да падзей восені 1947 года ў тагачаснай Пінскай вобласці і ў Кобрынскім раёне Берасцейскай вобласці. Апроч хлебанарыхтоўкі, а ў СССР першыя пасляваенныя гады адзначыліся неўраджайнасцю, савецка-партыйны актыў намагаўся спагнаць з сяльчан падатак. Усе гэтыя захады бальшавікоў падпольшчыкі называлі рабаваннем.

Чэкісты адбіраюць схаванае збожжа, wikipedia.org

Знішчэнне ў Савецкім Саюзе сялянства, як класа, пачалося ад Леніна, але пры Сталіну працэс паскорыўся. Калектывізацыя выбівала з сяляніна пачуццё гаспадара зямлі, рэпрэсіі “кулакоў” прыбралі з вёсковага жыцця ініцыятыўных, працавітых. Усё ператварылася ў агульны калгас “Росквіт камунізма”, які ўсе пабачылі ў 1991 годдзе…

Сельскагаспадарчы падатак бальшавікі ўвялі ў 1923 годзе ён выплачваўся толькі грашыма. Ім абкладалі ўладальнікаў прысядзібных зямельных участкаў і службовых зямельных надзелаў у сельскай мясцовасці. Аднаасобныя гаспадаркі плацілі падатак у падвоеным памеры. Нягледзячы на бядовы стан пасля Другой Сусветнай, саветы не далі перадышкі сялянам.

Недзіўна, што на Палессі супраць савецкіх службоўцаў, якія дзерлі з вяскоўцаў грошы, выступілі падпольшчыкі. Так 20 верасня 1947 года ў Менск кіраўніцтву Кампартыі БССР прыйшло паведамленні ад пінскіх таварышаў: “Уначы 19 верасня банда ў колькасці шасці чалавек з’явілася ў вёсцы Кулякі Сачэўскага сельсавета Іванаўскага раёна Пінскай вобласці. Уварваўшыся ў дом сельвыканаўцы таварыша Снітаўца, яны збілі гаспадара дома і сельвыканаўца Бухарэвіча, які там знаходзіліся, і загадчыка хатай-чытальняй Наканечнага. Патрабавалі ад сельвыканаўцаў і загадчыка хатай-чытальней спынення працы па хлебанарыхтоўках і па абкладанні сялян сельскагаспадарчым падаткам. Папярэдзілі, што калі надалей у гэтай вёсцы з сялян будуць браць хлеб і падаткі, то яны спаляць хаты актывістаў”.

Ідзе хлебаздача, inbelhist.org

У Кобрынскім раёне антысавецкія партызаны пайшлі далей – адбіралі грошы, якія савецка-партыйныя функцыянеры збіралі з сялян. Паводле інфармацыі сакратара раённага камітэта Кампартыі, якую ён у кастрычніку 1947 года перадаў вышэйшым начальнікам у Берасце, на Кобрыншчыне “варожы элемент” вёў паляванне на апартчыкаў любога ўзроўню.

За апошні час у раёне зноў пачалі актывізоўвацца контррэвалюцыйныя нацыяналістычныя сілы, якія пераходзяць да тэрору савецкіх і партыйных працаўнікоў раёна. Так, напрыклад, 10 кастрычніка 1947 года старшыня Ярэміцкага сельсавета таварыш Сегенюк і інструктар РК КП(б)Б таварыш Гаршанін у 9 гадзін вечара вярталіся з партыйнага сходу, які адбываўся ў вёсцы Бяроза, абодва ехалі на роварах. Пры пад’ездзе да кватэры старшыні сельсавета Бухавіча з кустоў была зроблена аўтаматная чарга, старшыня сельсавета зваліўся з ровара, інструктар Гаршанін, спыніўся. Пасля прагучалі два адзіночныя пісталетныя стрэлы. Расследаванне паказала, што была арганізавана засада з мэтай забіць старшыню с/с і інструктара РК КП(б)Б, вінаватыя не знойдзены…”.

Сялянам зачытваюць пастанову аб планах хлебанарыхтоўкі, inbelhist.org

А вось увечары 14 кастрычніка ў вёсцы Стрыгава ў кватэру да агента фінаддзела зайшлі два чалавекі з аўтаматамі. Яны былі апранутыя ў вайсковую форму, адзін з іх у пагонах афіцэра Чырвонай Арміі. Пасля невялікай гутаркі “госці” прапанавалі фінагенту аддаць сродкі, які той атрымаў ад мясцовых вяскоўцаў. Службовец перадаў падпольшчыкам 14 тысяч 192 рублі. Для прыкладу на той момант кілаграм свініны ў сярэднім каштаваў каля 300 рублёў, а ялавічыны 150 рублёў.

Удзельнікі антысавецкага руху праз агітацыйныя матэрыялы звярталіся і да звычайных грамадзян. 16 кастрычніка ў Кобрыне каля будынка сувязі невядомыя раскідалі ўлёткі “30 гадоў бальшавіцкай улады ва Украіне”. Аўтары акрэслілі рэалі панавання бальшавікоў, распавядалі пра голад і задушэнне сяла, заклікалі не здаваць хлеб і не плаліць падатак.

Бадай сучаснікам ужо цяжка ўявіць праз што прайшла беларуская вёска за савецкім часам. Амаль увесь перыяд грэблівае стаўленне, прыніжэнне, разбурэнне гарманічнага ўкладу. Прыгоннае права па-савецку: сельскае насельніцтва пачало атрымліваць пашпарты толькі з 1974 года, а ў перыяд з 1935 па 1974 год калгаснікам не дазвалялася пераязджаць у іншую мясцовасць, і яны былі прывязаны да калгаса. Перажылі, але колькі страчана…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.