За радок з Бібліі на фасадзе будынка жыхар Берасця атрымаў месяц арышту



Суд Маскоўскага раёна Берасця 7 красавіка асудзіў мясцовага жыхара Андрэя Леванюка паводле артыкула 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці) за нанясенне на фасад жылога дома цытаты з малітвы: „Но избави нас от лукавого”.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, суддзя Вера Філонік прызнала мужчыну вінаватым і пакарала месяцам арышту.

На судзе Леванюк пагадзіўся, што надпіс нанёс ён, але адзначыў, што будынак ужо да гэтага неаднаразова быў „пашкоджаны” іншымі малюнкамі. Таксама ён адзначыў, што на сайце „Онлайн Брест” са спасылкай на Генпракуратуру яго ўчынак апісваўся як нанясенне цынічнага надпісу. Мужчына выказаў здзіўленне, як радок з Бібліі можа быць „цынічным”.

Адзначаецца, што раней берасцейца прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне гэтага надпісу, але потым палічылі, што гэта крымінальнае злачынства.

Паводле версіі абвінавачання, 13 лютага на фасадзе дома на вуліцы Вішнёвай у Берасці чырвонай фарбай быў нанесены надпіс „Но избави нас от лукавого”. Шкода ЖЭС-6 склала 51 рубель 99 капеек. Згодна з матэрыяламі справы, гэты надпіс пагоршыў „эстэтычнае ўспрыманне” будынка. Сцвярджалася, што нанясеннем надпісу Леванюк выказаў незадаволенасць вынікамі выбараў прэзідэнта, а таксама дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў „па супрацьдзеянні масавым беспарадкам”.

У судзе выступіла начальнік ЖЭС-6 Брэста Таццяна Шыбун, якая паведаміла, што шкоду ацанілі зыходзячы з памеру ўчастка фасада, на які быў нанесены надпіс. Каб цалкам аднавіць эстэтычны выгляд сцяны, трэба зафарбоўваць усю сцяну. Той факт, што звычайна зафарбоўваюць прастакутнікамі або квадратамі, яна растлумачыла тым, што на поўную перафарбоўку не хапае бюджэтных сродкаў.

Шкоду Леванюк кампенсаваў яшчэ да суда. Прысуд мужчына мае намер абскардзіць.

belapan.by