За распаўсюджванне газет і ўлётак затрыманы жыхар Менскага раёна



 За распаўсюджванне „пратэстоўных газет і ўлётак” затрыманы 40-гадовы жыхар Менскага раёна, паведамляе прэс-служба МУС.

Паводле інфармацыі ведамства, супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выйшлі на яго „падчас мерапрыемстваў па недапушчэнні дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча ў краіне”.

Мужчыну затрымалі 19 сакавіка непадалёк ад сталіцы „падчас перавозкі газет пратэстоўнага толку і стыкераў з незарэгістраванай сімволікай”. „У аўтамабілі і гаражы аператыўнікі выявілі больш за 15 тыс. асобнікаў газет, звыш 12 тыс. стыкераў і 4,5 тыс. апазіцыйных улётак. Прадукцыю павінны былі распаўсюдзіць у Менскай, Магілёўскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях. У доме мужчыны таксама былі канфіскаваныя газеты, бел-чырвона-белыя палотны і ноўтбук”, — гаворыцца ў паведамленні.

Затрыманага даставілі ў Менскае РУУС, дзе склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Акрамя таго, парушальніку вынеслі афіцыйнае папярэджанне ў адпаведнасці з законам „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, паведамляе МУС.

„Матэрыялы праверкі ў дачыненні да затрыманага будуць перададзеныя ў следчыя органы для дачы прававой ацэнкі яго дзеянням. Мужчына працуе на прыватным прадпрыемстве па стварэнні рэкламы, у мінулым — відэаінжынер на тэлебачанні, у 2020 годзе ўваходзіў у штаб кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, а таксама неаднаразова ўдзельнічаў у так званых нядзельных маршах у Менску”, — гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by