За сапсаваны партрэт Лукашэнкі і каментары ў тэлеграм-чаце гамяльчук засуджаны да 3,5 года калоніі



Гомельскі абласны суд 2 жніўня прыгаварыў да трох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму 25-гадовага Артура Рыбіна. Яго абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Працэс вяла суддзя Галіна Святко, абвінаваўцам выступіла Жана Дударава.

Абвінаваўца прапаноўвала ў спрэчках пакараць Рыбіна пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады.

Адвакат Алег Юрчанка заявіў, што яго падабаронны прызнае віну цалкам. Акрамя таго, абаронца не ўгледзеў у паведамленнях, якія Рыбін размяшчаў у чаце, прыкмет распальвання сацыяльнай варожасці. „Гэта малады чалавек, які ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці. Верагодна, не варта абіраць для яго максімальна жорсткую санкцыю, якая прадугледжаная артыкуламі, па якіх ён абвінавачваецца”, — сказаў адвакат.

Паводле абвінавачання, Рыбін у лістападзе 2020 года выразаў з кнігі партрэт Аляксандра Лукашэнкі, прыляпіў на яго лоб дзяржаўны герб, намаляваў чырвоныя палоскі каля рота і размясціў надпіс „Гары ў пекле”. Гэтую выяву ён змясціў на канструкцыі ў форме крыжа і паставіў на пустцы каля водазабору. Затым мужчына сфатаграфаваў інсталяцыю і размясціў здымак у адным з тэлеграм-чатаў.

На думку абвінавачання, гэта было зроблена „з выключным цынізмам, выкарыстоўваючы напружаную сітуацыю ў грамадстве ў перыяд лета—восені 2020 года, з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі, дэзарганізацыі працы праваахоўных органаў”.

Акрамя таго, абвінавачаны размясціў у чаце „Гомель 97” каментары, якія следства трактавала як распальванне варожасці. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра словы: „Мірным шляхам нічога не дасягнуць. Нас б’юць — трэба даваць адказ”.

Паводле слоў падсуднага, ён не заклікаў да гвалту над міліцыяй і не пісаў падобнага ў каментарах.

БелаПАН