За сарваныя чатыры чырвона-зялёныя сцягі – два гады “хіміі”



У Івацэвіцкім раённым судзе па патрабаванні дзяржаўнай абвінаваўцы Яны Дробыш суддзя Васіль Аўрусевіч вынес прысуд 29-гадоваму жыхару Косава Бухце за сарваныя 4 чырвона-зялёныя сцягі – два гады “хіміі” з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:

– Адзін са сведак, які ўдзельнічаў у п’яным адзначэнні гібелі іхніх сяброў у аўтамабільнай аварыі, сцвярджаў быццам Бухта назваў яго “лукашыстам”. Хоць той казаў, што ніякіх палітычных размоваў падчас іхняга застолля не было. Фактычна такія ўскосныя сведчанні і сталі прычынай прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці па артыкуле 370. І хоць гэты артыкул прадугледжвае і магчымасці штрафу, але паколькі ўчынак быў здзейснены ў п’яным стане, прысуд атрымаўся менавіта такім.

Бухта ў судзе віну часткова прызнаў. “Ён не меў намеру паказаць непавагу да дзяржаўнай сімволікі, не падпісаны ні на якія “дэструктыўныя “тэлеграм-каналы, добра адносіцца да дзяржавы, дзяржсімволікі і прэзідэнта”. Але, відаць, ні пракурорскі работнік, ні суддзя не паверылі ў гэтае прызнанне, таму вынеслі суровае пакаранне толькі за знятыя з флагштокаў сцягі, якія былі пакладзены ў іншым месцы.

Беларускае Радыё Рацыя