За слова “сволочь” на адрас Караева жыхару Баранавічаў прысудзілі два гады “хіміі”



31 жніўня ў судзе Баранавічскага раёна і г. Баранавічы адбыўся суд над Андрэем Званаровым, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Па словах пракурора Івана Гаўдзея, мужчына 28 кастрычніка 2020 года з дапамогай тэлефона ў тэлеграм-канале “Бараўкі Свабодныя” пад фотаздымкам былога міністра ўнутранных спраў Юрыя Караева наўмысна змясціў абразлівы каментар у адрас прадстаўніка ўлады.

Андрэй Званароў віну прызнаў цалкам, абараняў сябе сам. Ён патлумачыў, што ўдзельнічаў у тэлеграм-чаце “Бараўкі Свабодныя”, заклікаў выключна да мірнага вырашэння накіпелых праблемаў у грамадстве, ніколі не заклікаў да агрэсіі, адзначыў, што мае шмат сяброў, якія працуюць у праахоўных органах, і калі іншыя людзі выказвалі нешта негатыўнае ў дачыненні да прадстаўнікоў закона, ён ніколі іх не падтрымліваў. Аднак, калі была апублікаваная інфармацыя, дзе Караеў заклікаў бяздумна выкарыстоўваць баявую зброю, Андрэй абурыўся:

“Па мойму меркаванню, гэта разыходзіцца як з нормамі закона, так і з чалавечымі маральнымі [ўстаноўкамі]. І тым больш сітуацыя на той момант была дастаткова напружаная”.

Ён на эмоцыях выказаў сваё стаўленне – напісаў слова “сволочь” пад фотаздымкам былога міністра МУС, якое на думку абвінавачага з’яўляецца літаратурным.

Удзелу ў пратэставых мітынгах Андрэй Звараноў не прымаў. Калі размяшчаў каментар, абвінавачаны не меў намеру нікога канкрэтна абразіць, а проста хацеў выказаць свае адносіны да напісанага ў публікацыі.

Пракурор прасіў суд прызнаць Андрэя Званарова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК і пакараць яго двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, тэлефон мужчыны канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства. Суддзя Іна Паўлоўская пагадзілася з прапановай пракурора і прызначыла абвінавачанаму два гады “хіміі”.

spring96.org