За суткі ў Беларусі зафіксавана 164 новыя выпадкі COVID-19, яшчэ пяць чалавек памерлі



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 71.687 (+164 за апошнія суткі), памерла 676 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

За мінулыя суткі колькасць новых выпадкаў інфікавання зноў нязначна знізілася — днём раней іх было 177 (чатыры смерці).

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 70.452 пацыенты (245 за апошнія суткі).

Праведзена 1.527.049 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 9.921.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш як чатыры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

28 жніўня Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў верасні ў Беларусі плануецца пачаць клінічныя выпрабаванні расійскай вакцыны ад COVID-19.

У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць заявіў журналістам, што Беларусь першай атрымае расійскую вакцыну, пра што ён дамовіўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. „Мы дамовіліся з Пуціным, Уладзімір Уладзіміравіч сам прапанаваў нам гэты варыянт. Яны ўжо прайшлі два этапы. Я яму (Пуціну. — БелаПАН.) чаму веру: ён на сваёй сям’і выпрабаваў гэтую вакцыну. Таму мы дамовіліся, што яны нас падключаць. Яны вельмі сур’ёзна этапы прайшлі. Многія вядомыя алігархі зрабілі гэтую прышчэпку”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, з Расіяй ужо многія краіны заключылі дагаворы на закупку вакцыны, калі пачнецца яе масавая вытворчасць пасля трэцяга этапу выпрабаванняў. „Мне прэзідэнт Пуцін паабяцаў, што першай будзе Беларусь, калі такое жаданне будзе ў нашага кіраўніцтва, — сказаў Лукашэнка. — Таму хвалявацца не трэба. Мы, вядома, не толькі расійскую вакцыну паспрабуем, паглядзім і іншыя. Але трэба аддаць належнае, што расіяне, кітайцы і амерыканцы ідуць наперадзе ў стварэнні і вытворчасці вакцын”.

Адказваючы на пытанне пра другую хвалю пандэміі, Лукашэнка заявіў аб правільнасці абранай у Беларусі стратэгіі не ізаляваць і не закрываць усё на каранцін. Паводле яго слоў, неэфектыўнасць такой меры ўжо прызнае і кіраўніцтва Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. „Толькі праз месяцы вы зразумелі, што Лукашэнка зрабіў правільна, што не закрыў вытворчасці, не ізаляваў вас. Мы прыстасаваліся да гэтага жыцця, наш імунітэт увесь час змагаўся з гэтай заразай”, — сказаў ён.

belapan.by