За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.222 выпадкі COVID-19
За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.222 выпадкі COVID-19, памерлі 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.348 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, другія суткі запар колькасць новых выпадкаў каронавіруса расце — 14 красавіка было зарэгістравана 1.166 хворых. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 340.023, памерлі 2.393 пацыенты з каронавірусам, ачунялі — 330.483.
За мінулыя суткі выканана 19.263 тэсты на каранавірус (днём раней — 18.874). Усяго з пачатку эпідэміі зроблена 5.608.959 тэстаў.
14 красавіка Міністэрства аховы здароўя ўхваліла вакцыну „Спутнік V” („Гам Кавід Вак”), разліў якой праводзіўся на прадпрыемстве „Белмедпрэпараты”. У міністэрстве паведамілі, што аб’ём вакцыны, якая выпускаецца на беларускім прадпрыемстве, павінен скласці да 500 тысяч доз штомесяц. Гэта дазволіць істотна павялічыць даступнасць вакцынацыі для беларускіх грамадзян.
25 сакавіка генеральны дырэктар РУП „Белмедпрэпараты” Сяргей Бяляеў паведаміў, што разлітая на прадпрыемстве вакцына можа быць выкарыстаная для вакцынацыі насельніцтва пачынаючы з апошняй дэкады красавіка пасля атрымання вынікаў кантролю якасці.
