За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.378 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.378 выпадкаў COVID-19, памерла дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.447 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 другія суткі запар расце — 23 сакавіка было зарэгістравана 1.046 хворых, днём раней — 983. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 313.852, памерлі 2.184 пацыенты з каронавірусам, ачунялі — 304.477.

За мінулыя суткі зроблена 18.507 тэстаў на каранавірус (днём раней — 8.267). Усяго з пачатку эпідэміі праведзена 5.253.173 тэсты.

Напярэдадні падчас наведвання Віцебскага медуніверсітэта міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паведаміў, што да трэцяй хвалі пандэміі каранавіруса, якая чакаецца ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, сістэма аховы здароўя Беларусі гатовая.

Паводле яго слоў, важна не баяцца новай хвалі, а „прымаць меры засцярогі, прычым усяму грамадству”. „Трэцяя хваля ў любым выпадку чакаецца. Іншае пытанне, наколькі яна будзе інтэнсіўная”, — сказаў ён.

belapan.by