За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.425 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.425 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.444 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 за суткі вырасла — 25 сакавіка быў зарэгістраваны 1.141 хворы. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 316.418, памерлі 2.202 пацыенты з каранавірусам, ачунялі — 307.004.

За мінулыя суткі зроблена 19.048 тэстаў на каранавірус. Усяго з пачатку эпідэміі праведзена 5.291.538 тэстаў.

Як паведаміў 26 сакавіка міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, інтэнсіўнасць новай, вясновай, хвалі каранавіруса ў Беларусі будзе не вышэйшай за восеньскую. Да сярэдзіны сакавіка захворванне на COVID-19 у краіне зніжалася, але днямі медыкі сталі фіксаваць невялікую тэндэнцыю да росту. Гэта звязанае ў тым ліку з пачаткам сезонных захворванняў, адзначыў чыноўнік.

belapan.by