За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.516 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.516 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.489 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў каронавіруса вырасла — 15 красавіка былі зарэгістраваныя 1.222 хворыя. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 341.539, памерлі 2.403 пацыенты з каронавірусам, ачунялі — 331.972.

За мінулыя суткі выканана 18.875 тэстаў на каронавірус (днём раней — 19.263). Усяго з пачатку эпідэміі зроблена 5.627.834 тэсты.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 16 красавіка заявіў, што ў гэты момант у Беларусі назіраецца трэцяя хваля пандэміі COVID-19. „Мы адзначаем характэрныя прыкметы пачатку новага эпідэмічнага ўздыму. Але тэмп прыросту колькасці хворых не такі, які быў восенню. Няма пакуль лавінападобнага росту, але нам не вельмі падабаецца апошні метэапрагноз”, — цытуе чыноўніка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Піневіч растлумачыў, што з-за дажджоў людзі будуць вымушаныя больш знаходзіцца ў закрытых памяшканнях, і ў сувязі з гэтым нагадаў пра важнасць захавання масачнага рэжыму і фізічнага дыстанцыявання.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя таксама выказаўся пра вытворчасць у Беларусі вакцыны „Спадарожнік V”:” Мы вельмі задаволеныя досведам працы з расейскімі сябрамі, таму што вакцына „Спадарожнік V” — ідэальная ў суадносінах якасці, бяспекі і цэнавага параметра ў параўнанні з тымі, што зараз прапанаваныя на рынках”.

belapan.by