За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.649 новых выпадкаў COVID-19
За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.649 новых выпадкаў COVID-19.
За мінулыя суткі памерлі сем чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, вынікае са звестак Міністэрства аховы здароўя.
Трэці дзень запар колькасць новых выпадкаў каронавіруса зніжаецца. У Беларусі 3, 4 і 5 снежня абнаўляліся рэкорды па захворванні, а 6 і 7 снежня колькасць тых, хто захварэў на COVID-19, паступова зніжалася. Так, 7 снежня было зарэгістравана 1.796 новых выпадкаў COVID-19 і памерлі восем чалавек.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 150.602, памерлі 1.222 пацыенты з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.
Паправіліся 127.528 пацыентаў. Выпісаныя з устаноў аховы здароўя за суткі 1.444 пацыенты з COVID-19.
За суткі таксама выканана 12.664 тэсты. Усяго ў краіне праведзена 3.461.753 тэсты.
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы (Мінская вобласць) 8 снежня выказаў надзею, што эпідэмія каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі выйшла на плато.
У размове з ім галоўны ўрач медустановы Святлана Глебка паведаміла, што сёння ў Стаўбцоўскай ЦРБ знаходзіцца 121 пацыент з COVID-19. За апошнія некалькі дзён захворванне на каранавірус знізілася, адзначыла яна. Калі ў лістападзе за суткі рэгістравалася 20 пацыентаў, то ў апошнія дні — па 12.
„Калі з 20 да 12 упала, гэта ўжо добрае падзенне. Дай бог, каб у краіне так было. Будзем спадзявацца, што мы ўсё ж такі выйшлі на гэтае плато. Бачыце, ужо пайшло зніжэнне”, — сказаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што, наведаўшы бальніцу ў Стоўбцах, яшчэ раз пераканаўся: абстаноўка з каронавірусам у краіне складаная, але абсалютна кантраляваная.
