За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 1.851 новы выпадак COVID-19
За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістраваны 1.851 новы выпадак COVID-19, памерлі восем чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, вынікае са звестак Міністэрства аховы здароўя.
Пасля трох сутак спаду колькасць новых выпадкаў каранавіруса зноў вырасла. Так, 7 снежня было зарэгістравана 1.649 выпадкаў COVID-19, памерлі сем чалавек.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 152.453, памерла 1.230 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Ачуняла 129.950 пацыентаў. За суткі выпісана з устаноў аховы здароўя 2.422 пацыенты з COVID-19.
За суткі выканана 25.715 тэстаў. Усяго ў краіне праведзена 3.487.468 тэстаў на каранавірус.
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы (Мінская вобласць) 8 снежня выказаў надзею, што эпідэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі выйшла на плато.
