За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 401 новы выпадак COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 80.696 (+401 за апошнія суткі), памерла 862 чалавекі (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

За суткі прырост выпадкаў інфекцыі крыху знізіўся. 4 кастрычніка, згодна з афіцыйнай статыстыкай, было 443 новыя выпадкі і шэсць смерцяў.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 75.303 пацыенты (64 за апошнія суткі).

Праведзена 1.949.656 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 13.116.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

1 кастрычніка ў краіне пачалася вакцынацыя добраахвотнікаў у межах даследавання расійскай вакцыны ад каранавіруса „Спадарожнік V”. Паводле слоў выканаўцы абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, ужо больш за 4 тыс. беларусаў выказалі жаданне ўзяць удзел у вакцынацыі. Клінічныя даследаванні праходзяць у васьмі медыцынскіх установах Беларусі, з іх шэсць — гэта паліклінікі Менска: 1-я, 4-я, 5-я, 14-я, 19-я і 28-я.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, якое спасылаецца на намесніка міністра — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Аляксандра Тарасенку, беларускія грамадзяне, што на мінулым тыдні ўзялі ўдзел у клінічных выпрабаваннях вакцыны, адчуваюць сябе добра.

belapan.by