За суткі ў Беларусі зарэгістраваны 561 выпадак COVID-19, памерлі 9



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістраваны 561 выпадак COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісаны з бальніц 361 пацыент, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, другія суткі запар колькасць новых выпадкаў COVID-19 працягвае зніжацца — 8 лютага іх было 808, днём раней — 1.732. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 260.060, памёр 1.801 пацыент з каранавірусам. Паправіліся 248.064 чалавекі.

За мінулыя суткі выкананы 7.151 тэст на каранавірус, што амаль утрая менш, чым два дні таму (усяго выканана 4.593.784 тэсты).

Як паведамляла раней Міністэрства аховы здароўя, недзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя, якія маюць ліцэнзію на аказанне лабараторнай дыягностыкі, у межах дзяржаўна-прыватнага партнёрства могуць праводзіць тэсты на COVID-19 метадам ПЛР. Прыватнікам дазволена прымяняць да межавага максімальнага тарыфу павышальны каэфіцыент да 1,5. Пры гэтым неабходна выконваць суадносіны аказання адной такой паслугі дзяржарганізацыям аховы здароўя на бязвыплатнай аснове і дзвюх — на платнай аснове.

belapan.by