За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 738 новых выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 90.380 (+738 за апошнія суткі), памерла 945 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Учора сутачны прырост выпадкаў інфекцыі ўпершыню з сярэдзіны чэрвеня перавысіў 700 (15 чэрвеня было зарэгістравана 707 новых выпадкаў каранавіруса).

Міністэрства аховы здароўя таксама адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняў і выпісаны 81.501 пацыент (596 за апошнія суткі).

Праведзены 2.294.631 тэст на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 26.769.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў ведамства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

21 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя вярнула ў пералік краін, пасля вяртання з якіх патрэбная самаізаляцыя на працягу 10 дзён, 28 дзяржаў. Гэта Балгарыя, Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Данія, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, ЗША, Ірландыя, Ісландыя, Канада, Ліван, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Малдова, Мальта, Нідэрланды, Партугалія, Паўночная Македонія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Туніс, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя.

belapan.by