За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 929 новых выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 101.329 (+929 за апошнія суткі), памерла 992 чалавекі (+3), паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
За суткі прырост выпадкаў інфекцыі зноў знізіўся. 2 лістапада, паводле афіцыйнай статыстыкі, быў 941 выпадак заражэння, суткамі раней — 977 новых выпадкаў.
Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 87.985 пацыентаў (585 за апошнія суткі).
Праведзена 2.547.858 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.060.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.
3 лістапада Міністэрства аховы здароўя вярнула ў пералік краін, пасля вяртання з якіх патрэбная самаізаляцыя на працягу 10 дзён, 7 дзяржаў: Албанія, Германія, Італія, Кіпр, Латвія, Манака і Сан-Марына.
